У Светлагорску шукаюць удава, які ўцёк... з пясочніцы


У Светлагорску эколагі, міліцыя, чальцы Таварыства абароны жывёлаў і камунальныя службы шукаюць удава. Ён уцёк ад гаспадыні яшчэ ў канцы вясны, аднак улады толькі нядаўна ацанілі магчымую пагрозу.

Як паведамілі ў Светлагорскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, удава пачалі шукаць пасля рэзананснага выпадку на пачатку жніўня ў Канадзе, дзе ўдаў, што ўцёк з заалагічнай крамы, задушыў дзяцей, якія спалі.

Як растлумачылі ў інспекцыі, удава трымала ў кватэры жыхарка Светлагорску, і ў адзін з вечароў яна вынесла змяю пагуляць у дзіцячай пясочніцы. Жанчына згубіла пільнасць на некаторы час, і рэптылія ўцякла. Паводле гаспадыні, змяя жыла ў кватэры прыкладна паўгода, яе даўжыня – прыблізна паўтара метра.

Занепакоеныя суседзі падалі заяву ў міліцыю, якую некалькі разоў пераадрасоўвалі розным інстанцыям – эколагам, камунальнікам, ратавальнікам. У выніку пытанне пра ўдава-ўцекача разгледзелі на пасяджэнні камісіі райвыканкаму, дзе вырашылі абавязкова яго адшукаць.

Працягваюцца абследаванні дваровых тэрыторыяў і гаспадарчых пабудоваў у раёне знікнення ўдава. Паводле эколагаў, рэптылія дагэтуль можа дзесьці хавацца, харчуючыся грызунамі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў