Праз што славуты журналіст сварыўся ў сваім кабінеце з Лукашэнкам?


У Магілёве развіталіся з ветэранам «Белсату» Генадзем Суднікам. Ніжэй падаем фрагмент апошняга інтэрв’ю з журналістам.

25 жніўня на Грузаўскіх могілках Магілёва пахавалі Генадзя Судніка – аднаго з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных журналістаў Беларусі.

Спадар Суднік працаваў для «Белсату» з самага пачатку існавання незалежнага тэлеканалу, быў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Развітацца з вядомым магілёўцам прыйшлі каля 150 асобаў – прадстаўнікі недзяржаўных і дзяржаўных медыяў, вядомыя ў Магілёве і вобласці палітыкі ды грамадскія актывісты, родныя і блізкія нябожчыка.

На пачатку 1990-х гадоў Генадзь Суднік кіраваў магілёўскім абласным тэлебачаннем і радыё. У 1995-м ён сышоў адтуль з палітычных прычынаў.

{movie}Генадзь Суднік: У сваім кабінеце я спрачаўся з Лукашэнкам|right|12187{/movie}

Прафесар Валерый Беразіенка з Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» сказаў пра Генадзя Судніка так: «Яго вылучалі сумленнасць, прыстойнасць, адвага. Кінуць выклік цяперашнім уладам і стаць у апазіцыю да іх – трэба быць вельмі прыстойным, сумленным і справядлівым чалавекам».

Цела Генадзя Судніка перад пахаваннем накрылі бел-чырвона-белым сцягам.



У адным са сваіх апошніх інтэрв’ю спадар Генадзь распавёў пра часы сваёй працы на дзяржаўным тэлебачанні. На пачатку 1990-х, адзначыў журналіст, панавала свабода думак, выконвалася права іх выказваць, была свабода выбару: «Мы рабілі навіны і іншыя праграмы па тых часах вельмі смелыя».

Белсатавец расказаў, што на тэлебачанні тады не баяліся пярэчыць нават старшыні Савету Міністраў Вячаславу Кебічу, які падштурхоўваў журналістаў на сцежку інтэграцыі з Расеяй. «Мы гэтаму супраціўляліся. У мяне на гэтую тэму былі нават спрэчкі ў маім кабінеце з чалавекам, які цяпер у нас прэзідэнт. Ён даволі часта карыстаўся тэлебачаннем, бо разумеў, што гэта такое. А як дэпутат Вярхоўнага Савету ён меў прывілей выступаць па тэлебачанні», – адзначыў спадар Суднік.

Іншыя падрабязнасці – у відэаматэрыяле.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў