Каталіцкага святога віталі ў Менску ў нацыянальных строях (Фота)


У Беларусь даставілі рэліквіі святога Яна Боска – апекуна і настаўніка моладзі. Парэшткі святога пабываюць ува ўсіх беларускіх парафіях, дзе працуюць манахі-салезіяне, аб’яднанне якіх і заснаваў Ян Боска ў XIX стагоддзі.

25 жніўня рэліквіі Яна Боска прыбылі ў Беларусь. Пасля Менску іх павязуць у іншыя касцёлы Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Вернікі ды святары падкрэсліваюць, што гэта вельмі важная падзея для ўсяго Касцёлу ў Беларусі, асабліва для моладзі, выхаванню якой і аддаў сябе Ян Боска.

Італьянскі святар жыў у XIX cтагоддзі. Усё сваё жыццё ён прысвяціў клопату пра бедных дзяцей і маладзёнаў: даваў ім прытулак, вучыў, рыхтаваў да дарослага жыцця. Ян Боска стаў першым чалавекам, які ўвёў ва ўжытак панятак «дамовы аб найманні з няпоўнагадовым», баронячы правы дзяцей у часы, калі за такі ж сам аб’ём працы дзіцяці плацілі ў разы меней, чымся даросламу.

Ян Боска імкнуўся выхоўваць дзяцей згодна з дэвізам «Дай мне душу, а іншае вазьмі сабе». Нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, падступнасць людзей і сацыяльную несправядлівасць, трэба заўсёды заставацца сумленным чалавекам і добрым хрысціянінам, вучыў Ян Боска.

Святары падкрэсліваюць, што дэвіз святога актуальны і ў наш час, калі моладзь адмаўляе духоўнае, імкнучыся ў матэрыяльным знайсці адзіную радасць свайго жыцця.

Рэліквіі Яна Боска ў менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі моладзь вітала ў нацыянальных беларускіх строях. Юнакі падперазалі свае белыя кашулі чырвонымі пасамі. Пасля вітання рэліквіяў у менскай архікатэдры адбылася ўрачыстая святая імша, адправу якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Рэліквіі Яна Боска, акрамя Беларусі, пабываюць ува ўсіх краінах свету, дзе ёсць салезіяне. Гэтак каталікі рыхтуюцца да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння святога.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары