Міліцыя адмаўляе, што затрымала ў Вялейскім раёне 100 асобаў


Міліцыянты затрымалі вечарам 24 жніўня на Вялейшчыне каля сотні ўдзельнікаў фестывалю «Burning Summer Open Air», паведамляюць сведкі. Лёс схопленых застаецца невядомым.

Адна з удзельніц фестывалю, жыхарка Гомля Жанна Міхеева, распавяла, што прыблізна а 19-й гадзіне на месцы музычнага свята з’явіліся працаўнікі міліцыі і ДАІ. «Групам давялося згарнуць выступ, а ўдзельнікаў фестывалю затрымалі ды павезлі ў Вялейскі РАУС, прычым не тлумачачы за што. У міліцыянтаў не было бэджаў, іх прасілі рэпрэзентавацца, растлумачыць прычыну затрымання, але дарэмна», – паведаміла дзяўчына.

Паводле відавочцы, удзельнікаў фестывалю павезлі на некалькіх аўтамабілях, а потым прыехаў і аўтазак. Колькасць затрыманых Жанна ацаніла на 100–150 чалавек.

У Вялейскім РАУСе заявілі, што затрымалі ўсяго некалькі ўдзельнікаў фестывалю, астатніх проста «даставілі» ў міліцыю, пасля чаго іх адпусцілі. Колькасці затрыманых і «дастаўленых» у дзяжурнай частцы РАУС не называюць, бо гэта – «службовая» інфармацыя. Дзяжурны толькі паведаміў, што маладыя людзі затрыманыя за адмiнiстратыўныя правапарушэнні, якія менавіта – не ўдакладніў.

Тым часам сувязь з Жаннаю Міхеевай перарвалася: не выключана, што дзяўчына таксама знаходзіцца ў РАУС. Не адказваюць тэлефоны і некаторых іншых удзельнікаў фестывалю.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, свае дзеянні міліцыя матывавала тым, што моладзевы фестываль праводзіўся без дазволу ўладаў. Ці так гэта – невядома, бо звязацца з арганізатарамі «Burning Summer Open Air» пакуль таксама не ўдаецца.

Планавалася, што фестываль будзе працягвацца два дні – 24 і 25 жніўня.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары