Аляксей Янукевіч: На Бангалор мы не пойдзем


У Менгарвыканкам падалі заяўку на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка.

Яе падпісалі лідары Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, прадстаўнікі руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў, кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў і аргкамітэту для стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Ірына Губская.

Лідары апазіцыі абмяркоўвалі маршрут некалькі дзён. Было некалькі варыянтаў. Прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Віктар Івашкевіч, напрыклад, прапаноўваў сімвалічную акцыю на плошчы Свабоды з акцэнтам на творчы падыход. Лідары “Маладога фронту” мелі радыкальнейшыя ідэі – сустракацца на Кастрычніцкай плошчы і наагул не падаваць заяўкі ў мэрыю.

Урэшце дасягнулі кампрамісу: пастанавілі зарганізаваць шэсце ад Акадэміі навук да скверу імя Янкі Купалы. Заяўку з такім маршрутам падалі сёння ў Менгарвыканкам. Афіцыйны адказ мае прыйсці за пяць дзён да акцыі – 20 сакавіка. Але ўжо сёння апазіцыйныя лідары прадумваюць наступныя крокі. “Калі ўлады прапануюць ісці на плошчу Бангалор, як гэта неаднаразова было, мы на гэта не пагодзімся. Канчатковае рашэнне – дзе будзе шэсце і мітынг – будзе прынята пасля афіцыйнага адказу, але ўжо сёння можна казаць: Бангалор нам не падыходзіць”, – заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле намесніка старшыні БХД Віталя Рымашэўскага, акцыя пройдзе пад лозунгамі “Жыве Беларусь!” і “Свабоду палітвязням!”. “Мы мэтанакіравана адмовіліся ад партыйнай сімволікі, у гэты дзень усе прыйдуць выключна з бел-чырвона-белымі сцягамі. Пасля жорсткасцяў 19 снежня людзі запалоханыя і разгубленыя, яны не ведаюць, што рабіць ва ўмовах пераследу і рэпрэсіяў. Дык вось, мы мусім аб’яднаць народ і паказаць, што нават у такіх умовах трэба выходзіць на вуліцы і не спыняць сваіх патрабаванняў да ўлады”, – заявіў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў