Дзмітрыеў: «Гавары праўду!» спрабавалі напалохаць, а ў выніку – з’ядналі


Некалькі дзесяткаў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» адпусцілі з міліцыі, пратрымаўшы больш за тры гадзіны.



У офіс, дзе праводзіліся заняткі для сябраў кампаніі з рэгіёнаў у межах ініцыятывы «Народны рэферэндум», сёння ўварваліся міліцыянты. Яны пасадзілі наведнікаў заняткаў ў аўтазакі ды павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну Менску.

Паводле ацэнак намесніка старшыні «Гавары праўду!» Андрэя Дзмітрыева, усяго ў міліцыю даставілі 30 чалавек. «Усіх нас пасадзілі ў актавай зале, пасля чаго пачалася аператыўная працэдура: усіх апыталі, знялі адбіткі пальцаў, зрабілі фота- і відэазапіс, прагледзелі ноўтбукі. Спецыяльна, каб правесці апытанне, выклікалі каля дзясятка працаўнікоў міліцыі. Усё выглядала як нейкая спецаперацыя», – распавёў Дзмітрыеў.

Паводле яго, міліцыя сканфіскавала друкаваныя матэрыялы, звязаныя з «Народным рэферэндумам». «Агулам тое, што адбывалася, выглядала як спроба запалохаць актывістаў. Да нас якраз прыехала шмат новых людзей з рэгіёнаў. Аднак я думаю, што гэтага ўладам зрабіць не ўдалося, атрымалася, хутчэй, наадварот: добры трэнінг дзеля пабудовы каманды. Усе выйшлі з міліцыі ў нармальным настроі, абмеркавалі, што рабіць далей», – адзначыў намеснік старшыні «Гавары праўду!».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў