«Белсат» смуткуе. Памёр Генадзь Суднік, які дапамагаў ствараць тэлеканал


Мінулай ноччу ў Магілёве пайшоў з жыцця адзін з найдаўнейшых працаўнікоў «Белсату». Некалькі дзён таму Генадзь Суднік адзначыў сваё 70-годдзе. Журналіст мужна змагаўся з ракам лёгкіх.

Генадзь Суднік працаваў для «Белсату» з самага пачатку існавання незалежнага тэлеканалу, быў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Да травеньскага рэферэндуму 1995 года працаваў у магілёўскім аддзяленні дзяржаўнага тэлебачання, але сышоў адтуль з палітычных прычынаў.

«Генадзь Суднік быў вельмі дасведчаны і каштоўны супрацоўнік «Белсату». У якасці каардынатара тэлеканалу па Магілёўскай вобласці ён стварыў адну з найлепшых здымачных групаў. У яго быў талент распазнаваць журналісцкія здольнасці ў людзях, навучыць, зрабіць з іх сапраўдных майстроў сваёй прафесіі», – распавёў пра свайго калегу кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Генадзя Судніка будуць памятаць на «Белсаце» як вельмі інтэлігентнага, прыемнага і далікатнага чалавека. «Журналісты праз спецыфіку сваёй працы часта бываюць у стрэсе, нярэдка нервуюцца і адчуваюць негатыўныя эмоцыі. Ад Генадзя Судніка я ніколі не пачуў вострага слова, хоць часам, трэба прызнаць, ён і меў права падвысіць голас», – адзначыў Аляксей Дзікавіцкі.

Усе працаўнікі «Белсату» моцна смуткуюць па сваім калегу і выказваюць шчырыя спачуванні ягоным родным і блізкім. Вечная яму памяць…

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары