Улады: Для памяці Каліноўскага зроблена шмат, у 1928 г. быў фільм


У Беларусі, пачынаючы з савецкага перыяду, шмат зроблена для ўвекавечання памяці Кастуся Каліноўскага, адказала Міністэрства культуры на прапанову актывістаў моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва» ўсталяваць у Менску помнік беларускаму паўстанцу.



У якасці доказаў сваёй высновы чыноўнікі нагадалі пра імпрэзы, якія праводзіліся ў розныя гады і мелі дачыненне да асобы Каліноўскага. Напрыклад, у 1928 г. адбылася прэм’ера мастацкага фільму «Канстанцін Каліноўскі», у 1963 г. яго імем назвалі адну з вуліцаў Менску, у 1986 г. – прынялі пастанову ЦК КПБ пра святкаванне 150-годдзя з дня нараджэння Каліноўскага ды інш.

Прапанову ўсталяваць помнік Каліноўскаму, падмацаваную 3,5 тыс. подпісаў менчукоў, актывісты накіравалі ў ліпені старшыні Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку, старшыні Менгарсавету дэпутатаў Васілю Панасюку, дэпутатцы Каліноўскай выбарчай акругі сталіцы Веры Стасевіч і міністру культуры Барысу Святлову. Актывісты прапаноўваюць усталяваць помнік у скверы па вуліцы Каліноўскага, бліжэй да праспекту Незалежнасці.

Менгарвыканкам адказаў, што даручыў вывучыць патрэбу ў такім помніку ў Менску, а Менгарсавет паведаміў, што пытанне ляжыць па-за яго кампетэнцыяй.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў