Чыноўнік пакрыўдзіўся, што блогер паказаў у сеціве яго шыкоўны дом


Службовае жытло старшыні Светлагорскага райвыканкаму Сяргея Максіменкі прыгожае і вялікае. Не заўважыць яго ў горадзе цяжка. Але калі гэты шыкоўны асабняк паказаў на відэа мясцовы блогер Генадзь Жулега, чыноўнік чамусьці пакрыўдзіўся. А праблемы пачаліся праз гэтыя кадры. Блогер зняў дарогу паміж светлагорскімі мікрараёнамі Палессе і Моладзевы, якую цягам года рамантавалі 3 разы і даволі рэзка пракаментаваў.

ГЕНАДЗЬ ЖУЛЕГА, БЛОГЕР:

«Калі вы чуеце ад чыноўнікаў, што няма грошай на парк, няма грошай, каб паставіць святлафоры, адрамантаваць шпіталь, ведайце, грошы ёсць, але яны трацяцца няправільна».

Але разынкаю рэпартажу стала невялікая экскурсія па светлагорскай «Рублёўцы» і, сярод іншага, вакол дому старшыні Светлагорскага райвыканкаму.

{movie}Аб’ект раённага значэння|right|12155{/movie}

ГЕНАДЗЬ ЖУЛЕГА, БЛОГЕР:

«Давайце паглядзім, як жыве кіраўнік нашага гораду. Ён не пабудаваў гэты дом за хабар. Ён пабудаваў гэта за кошт бюджэту. Мэбля, тэхніка ўнутры – усё гэта нашыя з вамі грошы».

У сеціве гэтыя кадры былі змешчаныя 10 жніўня. Праз тыдзень да блогера прыйшлі міліцыянты і забралі камп’ютар, маўляў, для вывучэння, каб вырашыць, ці заводзіць крымінальную справу. Але не супраць Максіменкі, а… Жулегі. Падставаю стаўся зварот жонкі чыноўніка, якая абвінаваціла блогера ў паклёпе. Тым не менш ад сваіх словаў Генадзь не адмаўляецца, ён лічыць, што старшыня райвыканкаму мог бы задаволіцца і звычайнаю кватэраю.

ГЕНАДЗЬ ЖУЛЕГА, БЛОГЕР:

«Сям’я мэра – не шматдзетная і некалькі сотняў квадратных метраў, агароджаных плотам, з лазняю, я лічу, – гэта растрата, у нашай краіне, у нашых умовах».

Паводле блогера, яму даводзілася быць унутры гэтага будынку, адна душавая кабіна там каштуе $ 1,5 тыс.

ГЕНАДЗЬ ЖУЛЕГА, БЛОГЕР:

«У гораду заўсёды ёсць жыллёвы фонд, зрабілі б там рамонт, ён мог бы мыцца ў звычайнай купальні, якая каштуе не $ 1,5 тыс., а $ 300. Гэтага было б дастаткова».

Але ці па сродках гэткія раскошы правінцыйнаму чыноўніку, праваахоўнікам не цікава. Справа пагражае народнаму кантралёру. Калі ж яе завядуць, блогеру могуць даць да 3 гадоў пазбаўлення волі. Хоць з ягонамі каментарамі згодныя і іншыя жыхары Салігорску.

ІГАР ПЕСІКАЎ, АКТЫВІСТ КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

«Бюджэтныя грошы трэба выкарыстоўваць больш мэтазгодна. Даваць сродкі шматдзетным сем’ям, развіваць культуру і спорт».

Генадзь Жулега кажа, што чакае чаго заўгодна, але гатовы ісці да канца. Мясцовы рэзананс і суд супраць мясцовага мэра можа даць яму не толькі мінусы, але і плюсы, калі ў будучыні ён вырашыць браць удзел у мясцовых выбарах.

Аркадзь Несцярэнка, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў