У Сафіі ружоваю фарбаю размалявалі помнік Савецкай арміі. Акцыя, як мяркуецца, прымеркаваная да 45 гадавіны падзеяў Пражскай вясны 1968 года. Раней гэты помнік размалёўвалі ў колеры вясёлкі. А якія помнікі ды якімі фарбамі абліваюць у Беларусі ды што з імі робяць за мяжою?
У мястэчку Бобр на Магілёўшчыне ёсць помнік герою Савецкага Саюзу, расейцу-«смершаўцу» Васілю Чабатарову, які ў вайне здзейсніў, нібыта, подзвіг. Аднак старэйшыя жыхары Бабра кажуць, што дывізія ЧК-НКВД, у якой служыў Чабатароў, рабіла ў мястэчку вялікія падпалы. У 2006 годзе нехта абліў гэты помнік чорнаю фарбаю ды прыляпіў надпіс: «Далоў расейскіх акупантаў з дзяржаўных пасадаў незалежнай Рэспублікі Беларусь!» У абліванні помніку міліцыянты западозрылі мастака Алеся Пушкіна, які жыве ў Бабры. Чорную фарбу ў ягоным доме шукалі нават за абразамі.
Найбольш фарбы – для “правадыра”
На дзень нараджэння Леніна ў 2009 годзе брэсцкія актывісты «Маладога фронту» ўсталявалі каля помніку Леніну ў сваім горадзе ўнітаз і рулоны туалетнай паперы. Падчас і пасля гэтай акцыі нікога не затрымалі.
Крыху пазней, пад канец чэрвеня 2009 года, помнік Леніну аблілі таксама белаю фарбаю ў Асіповічах. 7 лістапада таго ж года помнік Леніну аблілі зялёнаю фарбаю ў Наваградку. За гэты ўчынак 9-мільённым штрафам пакаралі актывіста «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Юрыя Казака. Хлопец прызнаўся, што сапраўды абліў помнік, але, як зазначыў Казак на судзе, ягонаю мэтаю было не знішчэнне помніку, а прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы ўсхвалення ўладамі Беларусі камуністычнага мінулага.
7 лістапада 2011 года ў Менску падчас адзначэння чарговых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі пл. Леніна сабралася каля 100 прыхільнікаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У першых шэрагах былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у тым ліку Ігар Карпенка і Таццяна Голубева, якія ўскладалі кветкі да помніку лідара пралетарыяту». Падчас мітынгу трое маладзёнаў з крыкамі «Камунізм пад трыбунал!» кінулі ў бок помніку некалькі яек і паспрабавалі ўцячы, але іх затрымалі працаўнікі міліцыі ў цывільным.
Ва Украіне фарбай абліваюць і жывых камуністаў
Наагул помнік Леніну «пакутуе» найчасцей ва Украіне. У Кіеве найбольш гучнаю справаю, звязанаю з пашкоджаннем помніку Леніну, быў інцыдэнт лета 2009 года. Тады група правых радыкалаў з дапамогаю зубіла і молата адбіла нос і руку фігуры. Праз некаторы час да помніку прыставілі сталую ахову з некалькіх працаўнікоў міліцыі, а пацярпелыя часткі цела аднавілі.
У 2011 годзе ў Севастопалі помнік Леніну аблілі чырвонаю фарбаю і начапілі маску зайчыка. Даволі часта ўкраінцы пішуць на помніках Леніну слова «кат».
Творчы падыход і бізнес-вырашэнне
Простае развязанне праблемы помнікаў Леніну знайшлі ў Манголіі. На пачатку сёлетняга года ягоную апошнюю скульптуру выставілі на аўкцыён з пачатковым коштам 55 млн тугрыкаў (каля $ 44 тыс.). Пасля гэтага краіна аўтаматычна пазбавілася ад магчымасці любых актаў вандалізму – іх аб’ектаў проста не засталося.
У Латвіі савецкія помнікі звезлі ў адмыслова створаны Музей акупацыі. Апошняга Леніна ў Рызе дэмантавалі ўвесну 1995 года. У Літве помнікі савецкай эпохі таксама звезлі ў адно месца непадалёк гораду Друскенікі. Цяпер парк, дзе месціцца вялікая калекцыя манументаў, збудаваных у савецкую эпоху, называюць «Ленінлэндам». У Польшчы помнікі Леніну звезлі ў музей сацрэалізму ў Казлуўцы.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu