БНП заклікала беларусаў запускаць салюты 25 жніўня


25 жніўня 1991 года беларускі народ здзейсніў мару стагоддзяў – дасягнуў дзяржаўнай Незалежнасці, напісалі ў профілі Беларускай нацыянальнай памяці ў «Facebook’у».

22 гады таму, 25 жніўня 1991 года а 20 гадзіне 12 хвіліне Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закону. БНП заклікала годна ўшанаваць Дзень абвешчання незалежнасці Беларусі ды ўсіх, хто ахвярна змагаўся за Волю і незалежнасць нашай краіны, праз запуск салютаў.

«Хай роскат салюту 25 жніўня а 20 гадзіне 12 хвіліне будзе нашым чынам і напамінам пра той славуты і лёсавызначальны дзень. Сябры, далучайцеся! Дадзім салют у гонар Дня незалежнасці Беларусі!» – заклікала арганізацыя праз сацыяльныя сеткі.

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, што сталася першым крокам да незалежнасці Беларусі. Аднак толькі 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі надалі статус канстытуцыйнага закону.

Тады пад ціскам дэпутацкай Апазіцыі БНФ на чале з Зянонам Пазняком пракамуністычная большасць Вярхоўнага савету прагаласавала за незалежнасць Беларусі ад Масквы.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары