Пакуль ішоў суд, Паснова трымалі ў псіхіятрычным цэнтры


Віцебскага доктара Ігара Паснова, які крытыкаваў мясцовыя ўлады у відэазваротах, накіравалі на прымусовае лячэнне ў абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі. На судзе не было нават адваката.

У 2007 годзе падобная гісторыя адбылася з правааабаронцам Валерам Міснікавым, якога таксама накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь.

Такі вердыкт вынесла суддзя Віцебскага раёну Таццяна Дзегцярова на паседжанні 21 жніўня, паведаміў праваабаронца Леанід Свецік. Паводле яго, рашэнне прынялі на падставе высноваў доктарска-кансультацыйнай камісіі ды са згоды абласной пракуратуры. Спадара Паснова будуць аглядаць штомесяц, каб вызначыцца, ці працягваць лячэнне.

Суд адбыўся без спадара Паснова, якога трымаюць у псіхіятрычным цэнтры, ягонага адваката і прадстаўніка пракуратуры. Былы доктар абмежаваны ў правах: ён не можа прымаць пасылак, наведнікаў, тэлефанаваць, ліставацца. «Такія жорсткія захады насцярожваюць, бо яны ўжываюцца ў выпадку, калі рэалізацыя гэтых правоў нясе пагрозу пацыенту або навакольным», – сказаў праваабаронца.

Тэарэтычна Ігар Пасноў мае 10 дзён, каб абскардзіць прысуд, аднак, адзначыў спадар Свецік, цяжка ўявіць, як гэта можна зрабіць пры такім абмежаванні правоў. Праваабаронца таксама падкрэсліў, што да гэтага часу застаецца таямніцаю дыягназ, пастаўлены доктару.

Інфармацыя пра стан здароўя і метады лячэння – доктарская таямніца. Вусныя звесткі могуць даць толькі блізкім сваякам або законнаму прадстаўніку ў даступнай для іхнага разумення форме. Следчым органам і некаторым іншым арганізацыям – у пісьмовай форме паводле пісьмовага запыту. Блізкіх сваякоў у Ігара Паснова не засталося: ён жыў з маці, якая памерла некалькі месяцаў таму. Таму што адбываецца падчас лячэння, высветліць немагчыма.

16 жніўня спадара Паснова змясцілі ў Віцебскі абласны псіхіятрычны шпіталь, дзе ён сам працаваў псіхіятрам. Адбылося гэта ў працоўны час, «з дазволу пракурора», пра што спадар Ігар паспеў паведаміць свайму сябру журналісту Уладзіміру Жыгулову ў тэлефоннай размове. Пасля гэтага мабільны забралі.

4 жніўня доктар-праўдаруб запісаў чарговы відэазварот. У ім ён распавядае, што галоўны ідэолаг установы, у якой ён працуе, напісаў галоўнаму доктару, што не задаволены актыўнасцю Паснова ў інтэрнэце. Пасля Пасноў распавядае пра прымусовае кадаванне бяздомнікаў і вяскоўцаў, накіраванне на якое адбываецца з парушэннем працэдуры. Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік у інтэрв’ю «Белсату» выказаў меркаванне, што прымусовае змяшчэнне можа быць наступствам чарговага відэазвароту.

{movie} Апошні зварот доктара Пастнова|right|12141{/movie}

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН

Стужка навінаў