Падрыхтавацца да школы


Да першага школьнага званка застаецца паўтара тыдня, і бацькі ўжо напоўніцу раскрываюць гаманцы, каб падрыхтаваць вучняў да заняткаў. У кожнага з амаль мільёна сёлетніх школьнікаў – свае патрэбы. Рафаіл, які пойдзе ў шосты клас, найбольш чакае новых матэрыялаў для майстравання.

“Гэта мы на занятках працы зрабілі падстаўку для алоўкаў і асадак. Калі мы з мамаю не ходзім, не набываем матэрыялаў, намагаюся пайсці ў лясочак – нешта патрэбнае знайсці”
. – кажа хлопец

Абысціся без крамаў, аднак, не выйдзе. Да навучальнага года бацькі мусяць падрыхтаваць і Рафаіла, і Нурлану, якая перайшла ў дзявяты клас. Сёлетняя пуцёўка ў школу падаражэла ў сярэднім на 10–30 %, падлічылі ў Міністэрстве гандлю. Таму Таццяна пачала пошукі неабходных рэчаў з айчынных крамаў.

Гэта крама “Тавары для дому” ў Сенніцы пад Менскам. Тут можна “ўкамплектавацца” праз безадсоткавы крэдыт на тры месяцы, калі набываеце адзенне і канцтавары на суму Br 1 млн.

Цяпер у Беларусі працуюць 760 школьных кірмашоў, з іх 25 – у Менску. Да 10 верасня бабулі, дзядулі ды бацькі будуць набываць для дзетак і ўнукаў школьныя прыналежнасці.

“Ажно” 307 тысячаў дапамогі на кожнага школьніка са шматдзетнай сям’і пералічвае дзяржава. Эканамічная аглядальніца Таццяна Каліноўская кажа: лепш дапамаглі б ашчадзіць – спрасцілі б дрэс-код у школах і гімназіях.

“Гэтая школьная форма не дадае ні густу, ні здароўя, ні добрага выгляду – нічога. Яна папросту падтрымлівае беларускую лёгкую прамысловасць. Іншага прызначэння гэтая школьная форма, на жаль, не мае”. – кажа яна.

Тым не менш, адзетыя ў форму і з новымі заплечнікамі, дзеці мусяць крочыць па адукацыю. У школе іх сустрэнуць настаўнікі, якім павялічылі і педагагічную нагрузку, і заробкі – прапарцыйна на чвэрць.

Падрабязней – у матэрыяле Юліі Цяльпук

https://youtu.be/TAR-pq5JaUY

Глядзі таксама
Каментары