Гіены і каёты ў Белым доме: хатнія жывёліны прэзідэнтаў ЗША


Прачытаўшы навіну пра тое, што прэзідэнт ЗША Барак Оўбама завёў сабаку, “Белсат” зацікавіўся: якіх жывёлінаў трымалі іншыя гаспадары Белага дому? Аказалася, там жылі алігатар, каёт, бегемот, зебра…

Барак Оўбама завёў хатняга гадаванца – партугальскага воднага сабаку на мянушку Боў. Калі прэзідэнта спыталі, ці знайшоў новы жыхар Белага дому спальнае месца, ён адказаў: “Не ў маім ложку”. У 1999 годзе ў ЗША паўстаў Музей хатніх жывёлінаў прэзідэнтаў. Ён сабраў звесткі пра тое, хто і якіх гадаванцаў трымаў у Белым доме.

Джордж Ўошынгтан быў не толькі першым амерыканскім прэзідэнтам, але і адзіным, хто не жыў у Белым доме. Калі б яму было наканавана пераехаць туды, давялося б шукаць месца для вясёлай кампаніі: 8 коней, 17 ганчакоў, папугая сваёй жонкі Марці ды каня прыёмнай унучкі Нэлі Кастыс.

Першым гаспадаром Белага дому стаў Джон Эдамз, які перабраўся туды ў 1800 годзе. Ён збудаваў там першую стайню для сваёй чатырохногай улюбёнкі Клеапатры. Эдамз пратрымаўся ў рэзідэнцыі нядоўга. Ужо ў 1801-м яго замяніў Томас Джэфэрсан (1801–1809)*, разам з дзвюма французскімі аўчаркамі ды перасмешнікам.

Бадай, самых экзатычных гадаванцаў меў пяты прэзідэнт ЗША Джон Кўінсі Эдамз (1825–1829): алігатара (падарунак маркіза дэ Ляфаета) і шаўкапрадаў, якіх разводзіла ягоная жонка Луіза. Цікава, што гэта ні ў каго не выклікала пытанняў.

А восьмаму прэзідэнту Марціну ван Бюрэну (1837–1841) двух тыгранятаў, падораных султанам Аману, давялося аддаць у заапарк: гэтага запатрабаваў парламент. Ягоны наступнік Ўільям Гэнры Гэрысан (1841), відаць, вырашыў не выпрабоўваць лёсу і прывёў у Белы дом карову. Пасля Гэрысана гаспадаром рэзідэнцыі стаў Джон Тайлер (1841–1845), вядомы тым, што паставіў на магіле свайго каня Генерала камень з эпітафіяй.

Джэймз Б’юкэнан (1857–1861) вярнуў у Белы дом экзатычны клімат, прывёўшы некалькі сланоў (падарунак караля Сіяму) і пару арлоў. Пры Абрагаму Лінкальну (1861–1865) у рэзідэнцыі жылі свіння, некалькі поні, белы трус, козы, каты, сабакі ды індык. Цяжкія дні імпічменту прэзідэнта Эндру Джонсана (1865–1869) дапамагала перажыць мышыная сям’я, якую ён падкормліваў у сваім пакоі.

19-ты прэзідэнт ЗША Радэрфард Гэйз (1877–1881) быў уладальнікам першага сіямскага ката, які трапіў на тэрыторыю Амерыкі. Ягоны наступнік Гроўвэр Кліўлэнд меў перасмешнікаў, канарэек, кокер-спаніэля і японскага пудзеля.

Напэўна, самы шматлікі заапарк у Белым доме быў у часы Тэадора Рузвэлта, любімымі жывёлінамі якога былі кані і сабакі. Ягоная жонка Кўэнтын трымала ў Белым доме катоў, змеяў, барсука і марскіх свінак. Таксама прэзідэнцкая пара мела: ільва, гіену, ляснога ката, пяць мядзведзяў, двух папугаяў, зебру, сіпуху, яшчарак, пацукоў, пеўняў і янота.

Апошні раз Белы дом бачыў карову ў часы прэзідэнцтва Ўільяма Тэфта (1909–1913). Але ягоны наступнік Ўудраў Ўілсан яшчэ працягваў сельскагаспадарчыя традыцыі: ён трымаў авечак, з якіх атрымлівалі горы воўны. Найбольшую калекцыю сабакаў мелі Кэлвін Кулідж (1923–1929) з жонкаю Грэйс: 12. Увогуле, гэтая пара можа паспрачацца з Рузвэлтамі, бо даглядала яшчэ і гусь, асла, рысь, янота, а ў падарунак атрымала ільвянятаў, валабі, мядзведзя і карлікавага бегемота.

Джон Кенэдзі быў апошнім прэзідэнтам, які трымаў разнастайных жывёлінаў: сабакаў, ката, папугаяў, канарэек, поні, хамякоў, труса і асабістага каня жонкі Джэкелін. З часоў Ліндана Джонсана гаспадары Белага дому перасталі эксперыментаваць і трымаюць пераважна катоў і сабакаў.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў