Што робяць з доктарам Пастновым у псіхіятрычнай клініцы?


З доктарам Ігарам Пастновым, якога змясцілі ў псіхіятрычны шпіталь, няма сувязі. Сёння незгаворлівага доктара прывезлі ў суд, а вырак можа азначаць змяшчэнне на прымусовае лячэнне.

З доктара зрабілі пацыента

16 жніўня спадара Пастнова змясцілі ў Віцебскі абласны псіхіятрычны шпіталь, дзе ён сам працуе псіхіятрам. Адбылося гэта ў працоўны час, “з дазволу пракурора”, пра што ён паспеў паведаміць свайму сябру журналісту Уладзіміру Жыгулову ў тэлефоннай размове. Пасля гэтага мабільны тэлефон забралі.

Да сённешніга дня Пастноў знаходзіўся у 2-м закрытым аддзяленні шпіталю. Паводле спадара Жыгулова, доктар прадбачыў такі паварот падзеяў, бо яму не раз пагражалі гэта зрабіць.

4 жніўня доктар-праўдаруб запісаў чарговы відэазварот. У ім ён распавядае, што галоўны ідэолаг установы, у якой ён працуе, напісаў галоўнаму доктару, што не задаволены актыўнасцю Пастнова ў інтэрнэце. Пасля Пастноў распавядае аб прымусовым кадаванні бяздомнікаў і вяскоўцаў, накіраванне на якое адбываецца з парушэннем працэдуры. Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік у інтэрв’ю “Белсату” выказаў меркаванне, што прымусовае змяшчэнне можа быць наступствам чарговага відэазвароту.

{movie}Апошні зварот доктара Пастнова|right|12116{/movie}

Працэдуры аказання псіхіятрычнай дапамогі і прадстаўлення інфармацыі аб стане пацыента падрабязна апісаныя ў “Законе аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі” і “Законе аб ахове здароўя”.

Падставілі калегі?

Што адбываецца з лекарам у закрытым аддзяленні, цяпер не даведаецца ніхто. Ён не мае права ні з кім кантактаваць і выходзіць за яго межы. У інтэрв’ю сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Жыгулоў кажа, што блізкіх сваякоў у сябра не засталося: ён жыў з маці, якая памерла некалькі месяцаў таму. У свой час Пастноў прапаноўваў яму стаць ягоным законным прадстаўніком, што дало б падставы цікавіцца здароўем сябра. Але схадзіць да натарыуса сябры не паспелі.

Інфармацыя пра стан здароўя і метады лячэння ёсць доктарскаю таямніцаю. Вусныя звесткі могуць даць толькі блізкім сваякам або законнаму прадстаўніку ў даступнай для іхнага разумення форме. Следчым органам і некаторым іншым арганізацыям – у пісьмовай форме паводле пісьмовага запыту. Ніякіх прававых падставаў для атрымання такой інфармацыі сябры або журналісты не маюць.

Паводле Леаніда Свеціка, нават калі б Пастноў паспеў аформіць Жыгулова сваім законным прадстаўніком, апошняму наўрад ці б нешта распавялі пра стан здароўя сябра: “Практыка паказвае, што яны ідуць на кантакт толькі з блізкімі сваякамі”.

Ці азначае дазвол пракурора на шпіталізацыю, што Ігар Пастноў здзейсніў правапарушэнне? Леанід Свецік не выключае, што заяву аб змяшчэнні доктара ў закрытае аддзяленне маглі напісаць ягоныя калегі. У такім выпадку паперу з папярэднім дыягназам накіроўваюць у пракуратуру, каб атрымаць дазвол на шпіталізацыю, які матывуюць небяспечнасцю пацыента для грамадства. Пасля медыкі маюць месяц, каб паставіць дыягназ і накіраваць у суд заяву аб прымусовым лячэнні. Аднак чакаць месяц не сталі і суд над лекарам ужо распачаўся. Паседжанне ў такіх выпадках заўсёды бывае закрытае, бо справа датычыць таямніцы прыватнага жыцця.

Праваабаронцы могуць зрабіць захады, калі будзе вядомы прысуд. Таму, паводле Леаніда Свеціка, найлепшае, што могуць зрабіць для лекара ягоныя сябры, – гэта наняць добрага адваката.

Што адбываецца ў закрытым аддзяленні?

Што адбываецца за дзвярыма закрытага аддзялення і як выглядае прымусовае лячэнне? Леанід Свецік сябруе з праваабаронцам Валерам Міснікавым, супраць якога ў 2006 годзе распачалі крымінальную справу за знявагу прадстаўнікоў пракуратуры, пасля абвінавацілі ў крадзяжы і знішчэнні двух тамоў ягонай справы і сцвердзілі, што ён цалкам не адказвае за свае дзеянні (“невменяем”). З дыягназам “паранаідальнае змяненне асобы” яго прымусова накіравалі ў Браслаўскі абласны псіхіятрычны шпіталь “Слабодка”.

Спадар Свецік наведаў сябра, калі той быў на лячэнні. “Асноўны кантынгент там складалі алкаголікі з белаю гарачкаю, – згадвае ён. – Валер не мог выходзіць на свежае паветра без нагляду, яму давалі нейкія таблеткі. Кармілі слабенька. Памяшканне выглядала як звычайная медычная ўстанова. Праўда, размаўлялі мы з ім у сталоўцы: туды, дзе спяць, не пусцілі. Затое я нават рабіў фотаздымкі. Мабільны тэлефон у яго быў – гэта без пытанняў. Былі дазволеныя спатканні – да яго ездзілі сваякі ды знаёмыя. Можна было перадаваць лекі, ежу, адзенне. Ну і выглядаў Валер як абсалютна нармальны чалавек – а я ў яго быў праз месяц пасля прысуду”.

Пад ціскам міжнародных праваабарончых арганізацыяў і Сусветнай псіхіятрычнай арганізацыі Валер Міснікаў выйшаў на волю раней за прызначаны тэрмін: “Праз Маскву націснулі на беларускіх медыкаў, – тлумачыць спадар Свецік. – Адміністрацыя яму так і сказала перад выпіскаю: “На наш вялікі жаль, мы вас адпускаем”.

На волі праваабаронца мусіў тры гады заставацца пад наглядам медыкаў. Нядаўна ён якраз падаў заяву, каб нагляд знялі. Гэта вырашыць суд.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў