Амерыканскі прафесар вывучае «новых беларускамоўных»


Вечна актуальны ўрывак «Тутэйшых», дзе заходні ды ўсходні вучоныя, кожны на свой капыл, інтэрпрэтуюць беларусаў ды вучаць іх, хто яны такія насамрэч.

Курт Ўулгайзэр – сацыялінгвіст Брэндайскага ўніверсітэту ЗША. Ён прыехаў у нашую краіну з заходняга кірунку не для таго, каб паказваць беларусам іхнае месца ў свеце. Але праблематыка ягонай зацікаўленасці бярэ свае карані яшчэ ў часы напісання «Тутэйшых».

КУРТ ЎУЛГАЙЗЭР, ДАСЛЕДЧЫК
«Мне цікава даведацца, наколькі дзяржаўная палітыка ўплывае на моўны выбар студэнцкай моладзі. Бо гэта – будучыня мовы».

Бо за 20 гадоў незалежнасці яна так і не займела дамінантнага месца ў грамадстве, а нават дыскрымінуецца на дзяржаўным узроўні. Першую сустрэчу з беларускамоўнай моладдзю даследчык правёў у Гомлі.

БЕЛАРУСКАМОЎНЫ СТУДЭНТ, ГОМЕЛЬ:
«Як я прыйшоў да беларускай мовы… Паступова ў мяне пачало з’яўляцца ўсё больш сяброў, з якімі можна было размаўляць па-беларуску. І гэта паўплывала шмат у чым».

Упершыню даследчык наведаў Беларусь на пачатку 90-х. Тады амерыканец адзначыў прыкмету беларускамоўнасці як частку грамадзянскай, а нават змагарскай пазіцыі. Цяпер бачыць пазітыў, што, нягледзячы на інтэнсіўнае выцясненне мовы з дзяржаўнага ўжытку, яна ажывае сярод звычайная моладзі. Іх ён называе «новыя беларускамоўныя».

КУРТ ЎУЛГАЙЗЭР, ДАСЛЕДЧЫК:
«Моладзь, для якой мова – гэта стыль жыцця. Гэта не змаганне, ёй проста хочацца быць сабою».

Пры гэтым Беларусь сёння – гэта Ірландыя ў 20 стагоддзі, параўновае Ўулгайзэр. Там таксама родная мова вывучалася ў школе толькі як асобны прадмет, што маргіналізавала, а нават адштурхоўвала ірландцаў праз непрактычнасць ведаў. Толькі ў другой палове стагоддзя ўлады цалкам перавялі навучанне на ірландскую мову, што паспрыяла яе імкліваму адраджэнню і развіццю.

КУРТ ЎУЛГАЙЗЭР, ДАСЛЕДЧЫК:
«Цікава, што гэта была ініцыятыва не дзяржавы, а бацькоў, якія зразумелі, што дзецям патрэбнае пагружэнне ў мову».

Разумеюць гэта і беларускія бацькі, толькі пакуль гэта, хутчэй, выключэнне, чым правіла.

БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ СТУДЭНТКА, ГОМЕЛЬ:
«У нас вельмі шмат кнігаў на белмове. ВКЛ, Рэч Паспалітая… Мне было 4–5 гадоў і цяпер смешна, але, як пачала чытаць, гэта была рэальная любоў».

Моўныя даследаванні амерыканца, апроч Беларусі, ахопліваюць і Украіну. У параўнанні будзе прасцей зразумець, наколькі рэальная любоў народу да роднай мовы, сцвярджае навуковец.

Алесь Залеўскі, «Аб’ектыў»
https://youtu.be/5YAI0ECOfnw

Глядзі таксама
Каментары