Уладзімір Яроменак: Я не баюся!


Маладафронтавец Уладзімір Яроменак адмовіўся даваць паказанні ў судзе. Ён гэта патлумачыў тым, што не хоча зацягваць разгляду справы. За паўгадзіны да пачатку працэсу былы палітвязень распавёў «Белсату», чаму ён «не стаў на шлях выпраўлення» нават пад пагрозаю чарговага зняволення.

Уладзімір Яроменак: Адвакатка кажа, што значныя моманты ў справе можна паспяхова абскардзіць. Але ў мяне няма ілюзіяў.

«Я нядаўна ажаніўся, і мая жонка поўнасцю падзяляе мае погляды. Ейная падтрымка вельмі важная для мяне, асабліва ў такія моманты, як цяпер».

«Белсат»: У апошнія месяцы прэвентыўнага нагляду былі сімптомы таго, што справу хочуць давесці да суда, а цябе – ізноў адправіць за краты?

У. Я.: З моманту, калі мне афіцыйна абвесцілі, што завялі крымінальную справу, міліцыянты ўвогуле перасталі да мяне прыходзіць. Ужо нічога не правяраюць – лічаць, што сваю справу ўжо выканалі. А раней – прыходзілі ды спраўджвалі, ці я знаходжуся дома ў гадзіны, калі я забавязаны там быць. Але бывала, што і па некалькі тыдняў не прыходзілі.

«Белсат»: Цяжка знайсці логіку: ты – маладафронтавец, удзельнік Плошчы. Не прызнаў віны ў судзе. Тыя пяць словаў, што ты напісаў – «прашу вызваліць мяне ад пакарання» – прашэннем аб памілаванні назваць немагчыма. Але цябе вызваляюць.

У. Я.: Я не ведаю, на што яны разлічвалі. Пра гэта лепш запытаць саміх прадстаўнікоў сённяшняй улады. Не ведаю, навошта мяне выпусцілі, але прэвентыўны нагляд далі дзеля таго, каб трымаць мяне ўвесь час пад кантролем, «на кручку».

«Трэба размаўляць з людзьмі. Аднымі апазіцыйнымі партыямі рэвалюцыі не зробіш, і перамены самі сабою не наступяць».

«Белсат»: Ты пачуваешся «на кручку»?

У. Я.:
Не. Гэтага ў іх не атрымалася. Але калі чалавек пад наглядам – ён заўсёды «пад бокам», яго не трэба шукаць – заўсёды можна да яго прыйсці дадому і ён будзе там.

«Белсат»: Калі для цябе самога стала зразумела, што арышты, затрыманні, ціск – не змусяць цябе здацца, адмовіцца ад перакананняў ці дзейнасці?

У. Я.: Я не магу назваць гэткі канкрэтны момант. Мне падаецца.. так было з самага пачатку. Я ведаю, дзеля чаго я прыйшоў у «Малады фронт». Цяпер я ведаю, што, калі адбываецца ціск, значыць, я ўсё раблю слушна. І спыняцца я не збіраюся.

«Белсат»: А што на гэта сям’я?

У. Я.:
Бацькі мне даўно сказалі: ты дарослы чалавек і мусіш рабіць тое, што лічыш слушным.

«Белсат»: Жонка?

У. Я.: Я нядаўна ажаніўся, і мая жонка поўнасцю падзяляе мае погляды. Ейная падтрымка вельмі важная для мяне, асабліва ў такія моманты, як цяпер.

«Белсат»: Летась ты перад чарговаю адсідкаю літаральна з суда паспеў перадаць свой артыкул «Давайце рабіць справу». Сярод іншага, там вядзецца, што некаторыя палітыкі займаюцца імітацыяй дзейнасці больш, чым самою дзейнасцю. З тых часоў хтосьці пачаў рабіць справу?

У. Я.: Я вельмі паважаю Анатоля Лябедзьку, мы з ім яшчэ разам сядзелі ў «амерыканцы». Ён працуе на вынік і не толькі падчас выбарчых кампаніяў, «ходзіць у народ»…

«Белсат»: Хіба лідар партыі мусіць раздаваць улёткі?

У. Я.:
Раздаванне улётак, любая рэальная справа – гэта вельмі вялікая праца, якой мусяць займацца ўсе, хто хоча змяніць сённяшнюю сітуацыю. Вядома, таксама ладзяцца круглыя сталы, ствараюцца аргкамітэты. Гэта проста пі-ар, ад гэтых захадаў нічога не змяняецца, але гэта ЯНЫ зладзілі, паказваюць: вось, МЫ робім! Пасля, калі іх спытаюць, а што ж вы рабілі ў гэты час, яны змогуць адказаць: ладзілі круглыя сталы. Ёсць пэўныя праекты і трэба рабіць выгляд, што яны выконваюцца.

«Белсат»: А чым павінна займацца апазіцыя?

У. Я.: Трэба размаўляць з людзьмі. Аднымі апазіцыйнымі партыямі рэвалюцыі не зробіш, і перамены самі сабою не наступяць.

«Белсат»: Што да тваёй справы, як думаеш, чым скончыцца суд?

У. Я.: Я думаю, што ўсё ўжо вырашана. У любым выпадку артыкул не прадугледжвае іншага пакарання, апроч як зняволенне. Або арышт да 6 месяцаў, або пазбаўленне волі тэрмінам да года.

«Белсат»: Ты гатовы ізноў аказацца ў турме?

У. Я.: Як будзе, так будзе. Гасподзь заўсёды абароніць. Я не баюся.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары