Міліцыя разагнала ўдзельнікаў ініцыятывы «Ежа замест бомбаў»


Каля 20 маладзёнаў прыйшлі сёння ў Міхайлаўскі сквер у Менску, каб раздаць ежу бяздомным і маламаёмным людзям.

Як распавёў “Белсату” студэнт аднаго з менскіх ВНУ Васіль, ініцыятыва ўзнікла стыхійна – студэнты і школьнікі аб’ядналіся праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. “Мы за свае грошы набываем вегетарыянскую ежу, аднаразовы посуд”, – тлумачыць ён. Студэнт гаворыць: дзякуючы таму, што акцыя праходзіць кожнага тыдня ў вызначаных месцах, пра яе даведаўся шмат хто з маламаёмных пенсіянераў і бамжоў. Шторазу падсілкавацца прыходзяць чалавек дваццаць-трыццаць.

Апошнім часам сябрамі ініцыятывы зацікавіліся сілавікі. Паводле Васіля, міліцыянты паводзяць сябе агрэсіўна, абражаюць студэнтаў, здымаюць іх на відэа. Таго, хто імкнецца схавацца ад камеры, гвалтам паварочваюць да аб’ектыва. Сёння таксама не абышлося без інцыдэнтаў.

Як паведаміла праваабаронца Крысціна Шацікава, што прыйшла паназіраць за акцыяй, у скверы з’явіліся шасцёра прадстаўнікоў палка міліцыі асобага прызначэння, а таксама звычайныя міліцыянты і працаўнікі КДБ.

Адзін з іх пачаў здымаць усё на відэа. На тлумачэнні маладзёнаў, што гэта не палітычная акцыя і не пікет, а проста “людзі снедаюць”, міліцыянты не рэагавалі. Яны запатрабавалі, каб усе паказалі дакументы: маўляў, трэба праверыць, ці не праходзяць прысутныя па крымінальнай справе. Тым, хто адмаўляўся, пагражалі завезці ў РУУС. Урэшце абышлося без затрыманняў, аднак раздаванне ежы міліцыя сарвала.

Ініцыятыва “Ежа замест бомбаў” (“Food not bombs”) шырока распаўсюджаная ўва ўсім свеце. Гэта не звязаныя паміж сабою незалежныя групы, што бясплатна раздаюць вегетарыянскае харчаванне. Асноўная ідэя ініцыятывы: калі б урады выдаткоўвалі столькі ж грошай на ежу для людзей, колькі марнуецца на войны і ўтрыманне войскаў, то ў свеце не было б голаду.

belsat.eu

Стужка навінаў