Чарговы «Свіны бунт» на Бярозаўшчыне


Жыхары вёскі Кабакі Бярозаўскага раёну (Берасцейшчына) пратэстуюць супраць рашэння райвыканкаму забіць прыватных свіней.

Людзі не згодныя з рашэннем райвыканкаму, якое змушала іх забіць уласных свіней да 15 жніўня. Пасля падобнага пратэсту вяскоўцаў у Сяльцы Бярозаўскага раёну райвыканкам працягнуў тэрмін да 19 жніўня, бо сялецкія жыхары захацелі рашэнне апратэставаць у аблвыканкаме.

“Аддала 500 тысячаў за парася і ўжо два месяцы карміла яго. То што рабіць? Мне ж таксама трэба неяк жыць…” – абураецца пенсіянерка.

“Назапасіў кармоў, двое свіней, а іх прымушаюць забіць… Што мне – тыя кармы свіныя цяпер самому есці замест сала?” – кажа мужчына.

Чыноўнікі апраўдваюцца, што рашэнне аб забоі свіней на прыватных падворках было прынятае, каб абараніць свінаферму ў Хойніках ад магчымага заражэння свіней афрыканскаю чумою. Але вяскоўцы акцэнтуюць увагу на тым, што афіцыйна ў Бярозаўскім раёне гэтага захворвання свіней не зарэгістравана.

“Чаму мы тады мусім біць сваіх свіней? Няхай яны ферму дзяржаўную ліквідуюць, а не людзей галоднымі пакідаюць!” – кажуць вяскоўцы.

Як “Белсат” паведамляў раней, на рашэнне Бярозаўскага райвыканкаму ў 5-кіламетровай зоне ад свінафермаў, што належаць мясцоваму камбікормаваму камбінату, трэба забіць свіней на прыватных падворках. Агулам гэта 17 вёсак. Калі людзі не знішчаць свіней, ім пагражаюць адміністратыўнаю і нават крымінальнаю адказнасцю.

Мапа барацьбы са свіной чумой у Беларусі



Просмотреть

На Берасцейшчыне ўжо рабілі гэткія захады для барацьбы з афрыканскаю чумою – загадалі забіць свіней у вёсцы Краглевічы Івацэвіцкага раёну. Людзі Бярозаўшчыны абураныя, што афіцыйна паводле пастановы Міністэрства сельскай гаспадаркі толькі тры раёны Берасцейшчыны (Баранавіцкі, Пружанскі ды Івацэвіцкі) патрабуюць дадатковых крокаў у барацьбе з хваробаю.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў