Вінцук Вячорка: “Беларускі рух” ствараецца не пад Саннікава


Сябра арганізацыйнага камітэту новай партыі абвяргае чуткі пра тое, што яе лідарам будзе экс-кандыдат на прэзідэнта.

Паводле ягоных словаў, прэзідэнцкія выбары расцярушылі апазіцыю. “У аргкамітэт увайшлі людзі з розных палітычных партыяў, усіх нас аб’ядноўвае агульная ідэйная платформа – незалежнасць і дэмакратызацыя Беларусі”, – адзначыў палітык.

Ён таксама дадаў, што пакуль кіраўніцтва партыі будзе калектыўнае, без яскравага лідара, і момант гэта прынцыповы. “Час займацца справамі, а не вырашэннем ўласных амбіцыяў. Хачу таксама адзначыць, што мы не ставім сабе задачы крытыкаваць Партыю БНФ ці рух “За свабоду”, пра што кажуць некаторыя палітычныя дзеячы ”, – адзначыў спадар Вячорка.

У склад арганізацыйнага камітэту ўвайшлі 30 чалавек. Некаторыя напярэдадні дэманстратыўна заявілі пра свой выхад з Партыі БНФ. Сярод іх – вядомыя беларускія дзеячы Юрый Хадыка і Віктар Івашкевіч.

Вінцук Вячорка свайго подпісу пад заяваю 85 “раскольнікаў” не ставіў, дагэтуль ён застаецца сябрам ПБНФ. Але падкрэслівае, што адмаўляецца праходзіць перарэгістрацыю, а гэта значыць, што напрыканцы месяца аўтаматычна яго не ўлучаць ў спіс сябраў Партыі БНФ.

“Я застаюся верным Статуту і Праграме БНФ, прынятай напрыканцы 1980-х гадоў. Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Даваць прысягу сённяшняй управе і праходзіць перарэгістрацыю я адмаўляюся”, – заявіў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў