«Беларусьнафта-Асабіно» не каментуе відэа з фактамі антысанітарыі на фабрыцы


На прадпрыемстве паведамляюць толькі, што ў гэты момант “працуе камісія” – праўда, у прыёмным пакоі не ўдакладнілі, ці правярае камісія знятыя на відэа тысячы дохлых птушак, якія, паводле аўтара роліка, днямі гніюць на сонцы.

{movie}Відэа карыстальніка Crag Cragov|right|12091{/movie}

Відэа было выкладзенае 15 жніўня, на ім аўтар пачынаў расповед з хлявоў, у якіх трымаюць птушак. Бройлерныя куры былі відавочна старэйшыя за некалькі месяцаў. Тым часам такія птушкі мусяць адпраўляцца на бойню ўжо на трыццаты-саракавы дзень жыцця.

Пасля пайшлі жахлівыя кадры – перад кожным з такіх хлявоў гніла куча з соцень памерлых птушак, якіх пазней, паводле аўтара відэа, складалі ў звычайныя прычэпы, дзе куры дагнівалі яшчэ нейкі час. Калі ж прычэп напаўняўся, іх вывозілі ў невядомым кірунку.

Прадпрыемства “вылучылася” яшчэ ў лютым гэтага года, калі Камітэт дзяржкантролю праверыў шэраг фірмовых крамаў “Беларусьнафта-Асабіно”. У кожнай выявілі парушэнні санітарных нормаў і продаж пратэрмінаваных прадуктаў.

Тым часам афіцыйная старонка прадпрыемства з гонарам паведамляе пра вытворчасць “высакласных прадуктаў харчавання масавага спажывання, што адпавядаюць сусветным стандартам якасці за даступныя кошты”.

УШ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў