У сметніцы-«шпіёны» ўбудаваныя прылады, што спісваюць звесткі са смартфонаў людзей, якія праходзяць побач.
Непрабівальныя выбуховымі прыладамі кантэйнеры для адкідаў з’явіліся ў фінансавым квартале Лондану напярэдадні леташняй Алімпіяды. Датуль тут сметніцаў амаль не было: баяліся, што тэрарысты падкінуць туды выбухоўку. У выніку сотні бясплатных газетаў і ўлётак, якія раздаюцца мінакам, валяліся пад нагамі.
Сметніцы ідэнтыфікуюць тых, на чыім смартфоне ўключаны бяздротавы інтэрнэт, і сцягваюць унікальны нумар прылады, вядомы як адрас МАС (media access control). Дзякуючы тэхналогіі, можна даведацца, на якой адлегласці ад сметніцы прайшоў уласнік смартфона, хуткасць яго руху і назву фірмы, якая зрабіла сам смартфон. Хоць звесткі збіраліся ананімна, фірма прайграла судовы працэс лонданскаму Сіці і цяпер мусіць адмовіцца ад свайго вынаходства.
Адмысловец у ахове таямніцы прыватнага жыцця Пітэр Ґуч (Peter Gooch) кажа, што адсочванне фірмамі звестак пра карыстальнікаў інтэрнэту даўно зрабілася вялікім бізнесам, і гэтая тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца.
АК, belsat.eu