Дзіцячая горка са спускам у… яму (Фотафакт)


Ужо больш за месяц небяспечныя яміны пагражаюць здароўю дзяцей у Івацэвічах. Тутэйшыя маці перасталі выпускаць дзяцей на вуліцу.

Траншэі сярод дзіцячай пляцоўкі на вуліцы 70 гадоў Кастрычніка выкапалі, абгарадзілі жоўтымі стужкамі… і паспяхова пра іх забыліся. Раней тут штодня збіраліся дзясяткі дзяцей, коўзаліся на горцы, гайдаліся на арэлях ці проста бегалі па траве ў даганялкі.

Цяпер, кажа Марына, маці 6-гадовага Кірыла, дзіця сядзіць у кватэры: “Не пускаю на вуліцу. Раней гуляўся з дзецьмі, а я прыглядала за ім праз вакно. А цяпер страшна выпускаць, бо тыя яміны досыць глыбокія, а там трубы. Вы ж ведаеце, дзецям гэтыя ямы – якраз самая прыцягальная забава”.

Спадарыня кажа, людзі абураныя тым, што гэтыя траншэі доўга не закопваюць: “Выкапалі ўжо з паўтара месяца таму і нічога тут болей не робяць. Ну, я разумею, там можа, ім якія трубы мяняць трэба, але ж адкапалі – то мяняйце. Пацярпелі б, ну, дзень, ну, тры, каб там мянялі. Але цэлы месяц ніякія камунальнікі туды і не падыходзяць. Відаць, каб чыноўнікі шавяліліся, ім трэба бяды якой, крый Божа, дачакацца…”.

Сапраўды, праз неагароджаныя траншэі праходзіць і пешаходная сцежка, таму яны ствараюць сапраўдную небяспеку, асабліва ўначы. А стужачкі, якімі былі абгароджаныя яміны, дзеці расцягнулі ўжо ў першыя дні.

Карэспандэнт “Белсату” звярнуўся да камунальнікаў, каб даведацца, калі ж знікнуць “акопы” на дзіцячай пляцоўцы. Адмыслоўца ў працы з насельніцтвам Івацэвіцкай ЖКГ Аляксандр Ляшкоў распавёў, што асабіста зоймецца гэтаю праблемаю: “Добра, давайце дамовімся гэтак. Я за выходныя схаджу туды, пагляджу на ўласныя вочы, што там адбываецца, а вам у панядзелак перазваню. Бо наўскід я не магу сказаць, што там за праблема і хто там праводзіў раскопкі. Таму трэба разабрацца”.

Спадар Ляшкоў паабяцаў распавесці “Белсату” пра тое, як будзе развяжацца праблема згаданай пляцоўкі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары