Сакрэт маладосці ад 123-гадовага жыхара Балівіі


Паводле пасведчання аб хрышчэнні, Кармэля Флёрэс Ляўра (Carmelo Flores Laura) нарадзіўся 16 ліпеня 1890 года.

Але ў Кнігу рэкордаў Гінэса балівіец можа не трапіць. Да 1940 года ў Балівіі не выдавалі афіцыйных пасведчанняў аб нараджэнні. У дакуменце, які пацвярджае хрышчэнне, дата нараджэння ўказаная 16 ліпеня 1890 года. Кармэля Флёрэс Ляўра жыве ў мястэчку Фраскія (Frasquia) ў Андах. Мясцовы ЗАГС не бярэцца ацэньваць ягоны ўзрост, пакуль дакумент не пройдзе экспертызы.

Хата доўгажыхара, накрытая саламянаю страхою, месціцца на вышыні 4 тыс. метраў над узроўнем мора. Ён дагэтуль самастойна ходзіць і выразна размаўляе (праўда, не па-іспанску, а на тамтэйшым дыялекце), скардзіцца толькі на кепскі зрок.

У чым жа сакрэт вечнай маладосці? У сціплым меню Кармэля Флёрэса Ляўра – толькі мясцовыя прадукты, пераважна рыба, бабы і кіноа – зерневая культура, якую вырошчвалі яшчэ інкі. Не ўжывае грыбоў, а таксама локшыны і рысу, якія замяняе ячменем. Усё жыццё ён не мог адвучыцца ад звычкі жаваць лісце кокі.

Мужчына перажыў усіх мясцовых, з якімі быў знаёмы, у тым ліку і сваю жонку Мікаэлю, якая памерла 10 гадоў таму. Сын, які жыве ў сталіцы, забраў яго да сябе, але спадар Ляўра доўга ў вялікім горадзе не вытрымаў. Яму бракавала прасторы ды перашкаджалі выхлапныя газы аўтамабіляў, таму ён вярнуўся да спакойнага жыцця ў родным мястэчку.

У Кнігу рэкордаў Гінэса ў якасці найстарэйшага жыхара Зямлі занеслі францужанку Жан Кальман (Jeanne Calment), якой споўнілася 122 гады.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары