“Белавія” абяцае знізіць кошт квіткоў, калі візы будуць бясплатныя


Кіраўніцтва кампаніі спадзяецца запоўніць пустыя самалёты дзякуючы захадам Еўразвязу.

Паводле намесніка генеральнага дырэктара кампаніі Ігара Чаргінца, са спрашчэннем візавага рэжыму плынь пасажыраў павялічыцца ў некалькі разоў. “Чаму ў Літве патаннелі авіяпералёты? Таму што пасля ўваходжання ў Еўразвяз колькасць турыстаў павялічылася ўтрая, – адзначыў ён. – А ў нас праблема ў тым, што насельніцтва не так шмат, як, скажам, ва Украіне, а яшчэ і візы дарагія, каб часта вандраваць, таму самалёты напаўпустыя, а страты трэба аплочваць”.

Сёння беларускія турфірмы часцей за ўсё прапаноўваюць сваім кліентам пералёты з Масквы ці Кіева. Як паведамілі ў кампаніі “Авестарс”, эканомія ў такім выпадку часам складае нават $200. “Таксама добры варыянт – Коўна. Калі замовіць квіток загадзя (за два месяцы), дык да Берліну, напрыклад, ён можа каштаваць усяго €15”.

У той жа час кошт авіяквіткоў з Менску – мінімум €150. Але пералёты з Літвы могуць дазволіць толькі людзі, якія маюць візу. Цяпер, калі літоўскі бок спрасціў працэдуру яе атрымання, кіраўніцтва турфірмы спадзяецца больш актыўна супрацоўнічаць з еўрапейскімі авіякампаніямі.

Еўрапейскія парламентары выступаюць за скасаванне аплаты за візы ў краіны ЕЗ для беларусаў. У прыватнасці, бясплатныя нацыянальныя візы забавязаліся выдаваць Польшча, Латвія, Эстонія. Партыя сацыял-дэмакратаў Нямеччыны выступае за тое, каб усе грамадзяне Беларусі змаглі ўязджаць у Еўрапейскі Звяз бясплатна і без бюракратычных перашкодаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары