Пацярпелая ў Сірыі: Баевікі не ведаюць, што Беларусь за палонных не плоціць


У сітуацыі вакол палоннай беларускі ў Сірыі амбасада нашай краіны паводзіцца вельмі дзіўна, кажа журналістка і каардынатарка здымачных групаў з Расеі ды СНД Анхар Кочнева. Яна самая 5 месяцаў правяла ў палоне, але здолела ўцячы.

Відэаролік пра тое, што 2 жанчыны, якія называлі сябе грамадзянкамі Беларусі і Малдовы Святланаю Маркіяновіч і Карынаю Кальцо, трапілі ў палон да сірыйскіх паўстанцаў, апублікавалі на “YouTube’е” 9 жніўня. Зачытваючы сваю прамову з ліста пад рулямі аўтаматаў людзей у чорных масках, кабеты паведамляюць, што прыехалі ў Сірыю пад выглядам журналістак, а самыя шпіёняць на “Хізбулу”.

“Хізбула” (партыя Алаха) – ваенізаваная шыіцкая арганізацыя і палітычная партыя, якая дзее ў Ліване і выступае за стварэнне там ісламскай дзяржавы на ўзор Ірану. “Хізбулу” прызнаюць тэрарыстычнай арганізацыяй у шмат якіх краінах свету. Арганізацыя прызнала, што ваюе на баку прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада.

Ці ў Сірыі дзяўчаты?

У інтэрв’ю Беларускай службай Польскага радыё Анхар Кочнева выказала меркаванне, што дзяўчат выкралі ў Ліване і прывезлі ў Сірыю. Хоць пэўнасці наконт іх месцазнаходжання няма: пакой, паказаны ў роліку, ідэнтыфікаваць немагчыма. Паводле журналісткі, зняць відэа маглі дзе заўгодна, а дзяўчат прымусілі “чытаць абсалютна бязглузды тэкст”: “Гэтак сама, як мяне прымусілі прызнацца, што я перакладала для нейкіх міфічных расейскіх афіцэраў. Дзяўчаты не ведаюць ні мовы, ні мясцовасці. Якія яны шпіёнкі “Хізбалы”? Яны б не змаглі нічога ні ўбачыць, ні растлумачыць”.

Анхар Кочнева – грамадзянка Украіны, якая шмат гадоў працуе ў Сірыі. Пасля пачатку грамадзянскай вайны Анхар стала журналісткаю, каардынатаркаю здымачных групаў з Расеі ды СНД, якія прыязджалі ў зону канфлікту. Падтрымлівае прэзідэнта Башара аль-Асада. У лістападзе мінулага года яе захапілі ў палон баевікі. Праз 5 месяцаў ёй удалося ўцячы.

Дарэчы, пра групоўку, якая захапіла беларуску і малдаванку, раней ніхто не чуў. Але журналістку гэта не здзіўляе (самая яна падтрымлівае прэзідэнта Сірыі Башар Аль-Асада): “…Груповак там столькі, што іх колькасці не ведае ніхто. Яны аддзяляюцца адна ад адной штодзень. Нават тыя 2 ахоўнікі, якія ахоўвалі мяне, планавалі стварыць сваю ўласную групоўку”.

“Беларуская амбасада захозўваецца дзіўна”

Анхар Кочнева распавяла, што перадала ў беларускую амбасаду ў Сірыі інфармацыю пра палонных праз знаёмага сірыйца, які там працуе. Але замест падзякі ён атрымаў ад калегаў вымову. “Яго абвінавацілі ў тым, што ён перадае мне нейкую сакрэтную інфармацыю, хоць насамрэч інфармацыю давала яму я! Замест таго, каб звязацца са мною, даведацца, што я ведаю і чым магу дапамагчы, яны зрабілі абструкцыю чалавеку, якому я давала інфармацыю! У мяне такое ўражанне, што яны займаюцца лёсам скрадзеных толькі ў межах сваіх службовых абавязкаў, а не таму, што хочуць уратаваць людзей”.

{movie}Беларуска і малдаванка пад дуламі аўтаматаў прызнаюцца, што яны – шпіёнкі|right|12076{/movie}Журналістка кажа, што амбасада гэтак з ёю і не скантактавалася. Самая яна ў свой час здолела дамовіцца з захопнікамі, бо вывучала псіхалогію і размаўляе па-арабску. Яна самая збіраецца шукаць закладніц: “Ёсць вайсковыя каналы. Калі дзяўчат вывозілі з Лівану, то прыкладна вядома, куды іх маглі вывезці. Веданне аператыўнай абстаноўкі, як у якім месцы кантралюецца мяжа, дазваляе прынамсі выключыць з зоны пошуку месцы, дзе іх шукаць не трэба, дзе дзяўчат проста няма. У дадатак нехта можа нешта напісаць у інтэрнэце, у выпадковага чалавека можа з’явіцца крыніца інфармацыі. Нават у чарзе па малако нехта можа нешта сказаць. Трэба выкарыстоўваць усе крыніцы”.

Паводле Анхар Кочневай, баевікі не разумеюць што ў Беларусі і Малдове ды і ў іншых постсавецкіх краінах не існуе механізму вылучэння грошай на выкуп захопленых.

АК, belsat.eu, паводле Беларускай службы Польскага радыё

Глядзі таксама
Каментары