Берасцейскія ідэолагі не прыдумалі, што рабіць з магдэбургскім правам


Берасце адзначыла 623-я ўгодкі атрымання права на самакіраванне. Менавіта гэты горад першым на тэрыторыі сённяшняй Беларусі яго атрымаў. Але на афіцыйным узроўні ўрачыстасцяў на гэты конт няма.

Берасцейскія сацыял-дэмакраты звычайна 15 жніўня ўскладаюць кветкі да памятнай шыльды аб атрыманні горадам магдэбургскага права, грамадскасць ладзіць круглыя сталы.

Культурна-асветніцкая ініцыятыва “Грунт” распачала кампанію “Берасце старажытнае”, у межах якой адбудуцца імпрэзы і ў гонар права Берасця на самакіраванне.

“Мы памятаем і ганарымся гэтаю падзеяй. І менавіта ў гэты дзень мы абвяшчаем старт грамадска-культурнай кампаніі, якая мусіць яшчэ больш узбагаціць і замацаваць памяць пра славутае мінулае нашага гораду сярод сучасных берасцейцаў і гасцей гораду. У межах кампаніі мы плануем стварэнне сувенірнай прадукцыі на тэму берасцейскай спадчыны,” – распавёў кіраўнік ініцыятывы Віктар Клімус. Ён зазначае, што наданне магдэбургскага права – ці не найважнейшая дата ў гісторыі Берасця, якая спарадзіла парасткі сярэднявечнай дэмакратыі. Актывіст мяркуе, што грамадскасць мусіць звярнуць увагу ўладаў на святкаванне ўгодкаў надання права на самакіраванне Берасцю.

Ініцыятыва “Грунт” выдала буклеты пра Магдэбургскае права ў Берасці, якія распаўсюджваюць сярод моладзі.

Карэспандэнт “Белсату” звярнуўся да намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Леаніда Цупрыка з просьбаю распавесці, якія ўлады праводзяць урачыстасці да ўгодкаў магдэбургскага права. Аднак галоўны берасцейскі ідэолаг распавёў, што не валодае такой інфармацыяй: “Я інтэрв’ю не даю праз тэлефон. Я думаю, што калі мусяць, то будуць праводзіць”. Віктар Клімус кажа, што тэматыка магдэбургскага права не трапляе ў поле зроку афіцыйнай ідэалогіі, таму ініцыятыва “Грунт” і распачала кампанію “Берасце старажытнае”.

Берасце атрымала магдэбургскае права ў 1390 годзе – першым з гарадоў на сучаснай тэрыторыі Беларусі. Магдэбургскае права зрабіла Берасце самастойнаю адміністратыўнаю адзінкай са сваймі атрыбутамі – тэрыторыяй, грамадзянствам, інстытутамі ўлады і суда, гербам, падаткамі і г. д.

Месцічы мелі эканамічныя ільготы, вызваляліся ад некаторых дзяржаўных падаткаў. Гарадскія прыбыткі ішлі не ў сталіцу, а ў скарб гораду. Таму магдэбургскае права надало штуршок для больш хуткага развіцця сярэднявечнага Берасця.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў