Фірма травіць хатніх насякомых і корміць імі людзей


https://youtu.be/Miftv-Y0h84
Смажаныя скарпіёны і барбекю з мучных чарвякоў – пакаштаваць гэткія прысмакі ў Лондане прыйшоў цэлы натоўп.

Кузуркі, што лётаюць ды поўзаюць, – частка штодзённага рацыёну шмат у якіх краінах свету, але брытанцы ўсё ж успрымаюць гэтыя стварэнні ў якасці хатніх шкоднікаў, а не закускі. Яшчэ колькі гадоў таму гэткія далікатэсы маглі б быць сустрэтыя воклічам “Фу!”, але, здаецца, лонданцы пачынаюць пакрысе адкрывацца і на больш рызыкоўную для сябе дыету.
{movie}Лонданцы: Лепш есці чарвякоў, чымся чыпсы|right|12074{/movie}
Вулічны рэстаран пад назваю “Pestaurant” прапанаваў мінакам бясплатна паласавацца вымачанымі ў воцаце цвыркунамі, смажанымі скарпіёнамі ды барбекю з мучных чарвякоў. “Pestaurant” толькі на адзін дзень, каб адзначыць сваё 85-годдзе, адкрыла кампанія “Rentokil”, якая займаецца барацьбою з хатнімі шкоднікамі.

Пакаштаваць на смак вусякоў прыйшло гэтак шмат людзей, што працаўнікі кампаніі нават збянтэжыліся, што для ўсіх не хопіць пачастунку.

Дзецям вельмі пасмакавалі падсмажаныя мучныя чарвякі. “Хрумсткі і вельмі смачны”, – скаментаваў адзін з хлопчыкаў Рафаэль Самэрз пасля таго, як старанна пражаваў кузурку.

Хоць ягоная мама і паморшчылася, калі хлопчык адкусваў кавалак вусяка, але скаментавала: “Гэткія закускі нашмат лепш для дзяцей, чымся чыпсы”.

На дэсерт гасцям прапанавалі мурашак, цвыркуноў і конікаў у шакаладзе. “Я не думаю, што з’ела б іх жывымі, але яны прыгатаваныя, таму можна асмеліцца на большае”, – адзначыла Ляўра Валенсья.

Сярод гасцей незвычайнага рэстарану зарадзілася нават ідэя, каб замест традыцыйнага арахісу, які падаюць у пабах да піва, прапанаваць наведнікам талерку чарвякоў.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў афіцыйна падкрэсліла, што ядомыя кузуркі могуць стаць каштоўнаю крыніцаю ежы для насельніцтва Зямлі, якое вельмі хутка павялічваецца. Цвыркуны, да прыкладу, утрымліваюць у 4 разы больш бялку, чымся курынае мяса, а колькасць калорыяў у іх у 2 разы ніжэйшая за ялавічыну.

МЯ, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары