У Хоцімску маладзён прызнаўся, што хацеў здзейсніць тэракт


У памежным з Расеяй Хоцімскім раёне жыхар Клімавічаў у ноч на 15 жніўня паведаміў у даведачную службу аператара мабільнай сувязі «Velcom», што рыхтуе тэракт на аўтавакзале ў Хоцімску. Падазраванага затрымалі.

У аддзяленні інфармацыі ды грамадскіх сувязяў Упраўлення ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму патлумачылі: маладзён пазваніў у даведачную службу «Velcom’у» уначы – а 1.26. Той, хто тэлефанаваў, прызнаўся, што збіраецца ўзарваць аўтавакзал у паселішчы Хоцімск.

Ратавальнікі, якія прыехалі ў райцэнтр, на аўтастанцыі ды прылеглай тэрыторыі выбуховых рэчываў не выявілі. Эвакуацыя людзей не праводзілася.

Па гарачых слядах затрымалі падазраванага ў намеры здзейсніць тэракт – 20-гадовага жыхара Клімавічаў, які быў нападпітку. У дачыненні яго Хоцімскі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле артыкулу аб заведама ілжывым паведамленні пра небяспеку.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў