Міколу Статкевічу стала дрэнна ў турме пасля «аказанай дапамогі»


У магілёўскай турме абвастрылася сітуацыя вакол Міколы Статкевіча. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў «Facebook’у» ягоная жонка Марына Адамовіч.

«Мала таго, што не паспела камісія зняць з яго статус «злоснага парушальніка», як яму «навесілі» новыя парушэнні. Цэлых 10 дзён пратрымаліся, мабыць, дах ад злобы паехаў у некага…», – напісала спадарыня Адамовіч.

Паводле жонкі палітвязня, 3–4 жніўня, напярэдадні дня нараджэння Міколы Статкевіча, адміністрацыя магілёўскай турмы яўна чакала, што з экс-кандыдатам нешта здарыцца. Чаканні турэмнага начальства спраўдзіліся, бо палітвязень адчуў недамаганне. «Міколу амаль прымусова завялі ў суботу пад вечар у санчастку, дзе «знайшоўся» павышаны ціск (на Статкевічу танометры правяраюць). Пасля «аказанай дапамогі» яму стала горш, і назаўтра, калі ён проста ўпаў, дапамогу аказаць яму не спяшаліся цягам 20 хвілінаў, калі сусед несупынна барабаніў у дзверы», – распавяла жонка Статкевіча.

На наступны дзень у Статкевіча канфіскавалі ліст да жонкі. «Чаму? Хацелі, каб пра гэта стала вядома як мага пазней? Нешта яшчэ планавалі? Спяшаліся?», – задае наступныя пытанні абранніца палітыка.

Марына Адамовіч падкрэсліла, што ўжо мусіла б атрымаць наступны ліст ад мужа, але яго таксама затрымліваюць. Адміністрацыя турмы не перадае палітвязню таксама пошту з волі. На Дзень нараджэння Міколы Статкевіча яму аддалі толькі дзве віншавальныя паштоўкі не ад сваякоў. Жонка былога кандыдата на прэзідэнцтва лічыць, што турэмнае начальства спрабуе гэтак стварыць у зняволенага палітыка ўражанне, што яго ўсе пакінулі. Насамрэч, адзначыла спадарыня Адамовіч, толькі праз сайт польскага еўрадэпутата Марэка Мігальскага палітвязню за 10 дзён даслалі каля 900 лістоў.

«А яшчэ я днямі даведалася, што яшчэ ў красавіку, калі Мікола захварэў (верагодна, на грып), з камеры былі выдаленыя ўсе цёплыя рэчы. Такая вось «тэрапія», – падзялілася жонка палітвязня.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары