Паляк пад Варшаваю адраджае старажытны промысел палешукоў


Адраджэнне бортніцтва, або гадавання пчолаў у пустых ствалах дрэваў, – гэта не толькі ратаванне адвечнай традыцыі. Спосаб, якім палешукі атрымлівалі мёд, выдатна ўплывае на экалогію.

Бортніцтва здаўна было візітнаю карткаю беларускага Палесся. Цяпер бортнікаў амаль не засталося ў жывых, а векавымі калодамі топяць печкі, ператвараючы ў дым старадаўнюю традыцыю…

Музей Палесся з бортнікамі не размаўляе

Спачатку нашыя продкі збіралі мёд лясных пчолаў з дуплаў, а пасля дадумаліся рабіць для іх штучныя дуплы ў месцах, да якіх было прасцей дабрацца. Так з’явіліся борці (або калоды) – выдзеўбаныя ствалы дрэваў, куды пераносілі раі. Пазней вынаходніцтва ўдасканалілі: дуплы рабілі ўжо ў ссечаных ствалах, якія можна было ўсталяваць амаль на любым вялікім дрэве.

У палескіх лясах дагэтуль можна сустрэць уцягнутыя на вышыню некалькіх метраў калоды, большасць з якіх ужо ніхто не даглядае. Сапраўдных прафесіяналаў засталіся адзінкі: гэта тыя, хто мог самастойна падняць на патрэбную вышыню стокілаграмовую борць і працаваць з пчоламі без абароннай сеткі. На жаль, нашчадкі сакрэтамі майстэрства або не цікавяцца, або ўжо не карыстаюцца: навошта ехаць у лес і ўзбірацца на вышыню, калі прасцей трымаць вуллі побач з домам?

Музей беларускага Палесся, які месціцца ў Пінску, з бортнікамі не кантактуе, бо… не мае месца для адмысловай экспазіцыі. Борці можна пабачыць у Беларускім дзяржаўным музей народнай архітэктуры і побыту.

Пчаліны дом з відэакамераю

Адну з такіх стогадовых калодаў прывёз і ўсталяваў ля свайго дому пад Варшаваю фатограф, прафесар Вышэйшай школы кінематографу ў Лодзі Кшыштаф Хэйке (Krzysztof Hejke). Больш за 20 гадоў ён падарожнічае па землях, якія калісьці ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, і прысвяціў ім колькі фотаальбомаў. Чарговы распавядзе якраз пра бортніцтва.

Кшыштаф Хэйке сфатаграфаваў не адзін дзясятак палескіх калодаў і прыладаў для працы з імі, паспеў пазнаёміцца са шмат якімі старымі бортнікамі ды ў выніку… сам вырашыў пабываць у іхнай шкуры.

Цяпер у палескай калодзе кіпіць жыццё, і ўсё гэта адбываецца перад аб’ектывамі фота- і відэакамеры. Дзеля гэтага ўнутр правялі не шкоднае для насякомых асвятленне. Гэтую задуму ўдалося зрэлізаваць дзякуючы старшыні Варшаўскага клубу пчаляроў Рышарду Марэку Кавальскаму (Ryszard Marek Kowalski). Ён распавёў, што на ўскраінах і ў прадмесцях польскай сталіцы жывуць каля 3 тыс. пчаляроў. Усе яны трымаюць вуллі (маленькія гаспадаркі маюць па 1–5, вялікія – па 120–240 вулляў).

Мядовыя партызаны

Цягам стагоддзяў бортнікі былі вольнымі людзьмі ды цешыліся са шмат якіх прывілеяў. Цэхі, у якія яны аб’ядноўваліся, мелі правы самакіравання, уласны статут, пячатку і харугву.

У 1705 годзе ў Слонімскім старостве разгарэўся Мядовы бунт супраць увядзення магнатамі дадатковых падаткаў на ваенныя патрэбы (ішла Паўночная вайна). Бортнікі стварылі дружыны самаабароны і распачалі сапраўдную партызанскую вайну, якая цягнулася амаль 20 гадоў.

Статуты ВКЛ утрымлівалі адмысловае заканадаўства. Але на Палессі часцей карысталіся самасудам. Крадзеж мёду прыраўноўвалі да забойства. Схопленых на месцы злачынства прымушалі скочыць уніз, што звычайна заканчвалася смерцю або калецтвам.

Дарэчы, у савецкія часы пчолаў спрабавалі… сагнаць у калгас. Але працаўнікі дзяржаўных гаспадарак, як правіла, не ўмелі з імі абыходзіцца. Таму вынік найчасцей быў нулявы, калі не лічыць укусаў. З гэтай прычыны савецкія ўлады заплюшчвалі вочы тое, што гадаванне пчолаў гэтак і засталося прыватным бізнэсам. Не чапалі такіх гаспадароў і нацысты. Напрыклад, у вуллях, якія падчас вайны даглядала пад Варшаваю бабуля Рышарда Марэка Кавальскага, быў тайнік Арміі Краёвай.



Вулей на даху парламенту

Між іншым, на польскіх землях бортніцтва знікла яшчэ ў XIX стагоддзі. Усе перайшлі на рамачныя вуллі, якія давалі ў некалькі разоў болей мёду. Перад Другою сусветнаю вайною бортніцтва на Палессі, якое было тады ў складзе Польшчы, інтэнсіўна выкаранялі як непрагрэсіўны метад. Міжваенныя папулярызатары часта крытыкавалі цемрашалаў-палешукоў за нелюбоў да прагрэсу.

Сучасныя ж вучоныя высветлілі, што гадаванне лясных пчолаў добра ўплывае на лясную экасістэму. Апроч беларускага Палесся, борці (або калоды) засталіся ва Украіне і Башкірыі.

У Еўразвязе пчолы пачалі знікаць, таму праекты, якія папулярызуюць пчалярства, цяпер фінансуюць з бюджэту. Летась вулей усталявалі на даху французскага парламенту. А некалькі гадоў таму башкірскія бортнікі навучалі палякаў, як рабіць штучныя дуплы ў лясных дрэвах (у Башкірыі захавалася менавіта гэтая форма бортніцтва). Нарэшце прыдаўся і досвед палешукоў, якія жывуць значна бліжэй да Еўразвязу.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў