Удзельніца Плошчы спрабуе абскардзіць свой прысуд: першая спроба


Аднак у судзе ёй паведамілі, што яна… сама згадзілася са сваім прысудам.

За ўдзел у Плошчы жыхарку Барысаўскага раёну Ірыну Панкавец пакаралі 10-дзённым арыштам. Такое рашэнне вынес Маскоўскі раённы суд сталіцы 20 снежня.

11 лютага жанчына паспрабавала абскардзіць прысуд. Аднак Менскі гарадскі суд скаргі не задаволіў: спаслаліся на падпісаны спадарыняй Ірынаю дакумент, у якім яна нібыта згодная з прысудам і абскарджваць яго не будзе.

Як высветлілася, Ірына Панкавец сапраўды паставіла подпіс пад нейкаю паперай у судзе. Аднак перад тым яе трымалі ў нялюдскіх умовах і яна кепска пачувалася – да таго ж ніхто не патлумачыў ёй наступстваў падпісання, а адваката не далі.

Ірына Панкавец кажа, што будзе змагацца далей і дойдзе да Вярхоўнага Суда. А калі там не знойдзе праўды – і да Камітэту правоў чалавека ААН. Тым болей, што яе змусілі звольніцца з працы (яна была школьным кухарам), а на новую ніхто не бярэ.

Між тым, паводле праваабаронцаў, ужо каля 40 адседзелых за Плошчу збіраюцца таксама абскардзіць свае прысуды.

belsat.eu

Стужка навінаў