На чужой вайне


https://youtu.be/-ZVO0JgDh8o

Грамадзянская вайна ў Сірыі нібыта далёка, але ў яе полымя зноўку трапілі беларускія грамадзяне. У інтэрнэце з’явілася відэа ад імя сірыйскіх паўстанцаў пад назваю “Расейцы з “Хізбулы”. На ім людзі ў масках са зброяй у руках і дзве дзяўчыны.

{movie}На чужой вайне|right|12056{/movie}

СВЯТЛАНА МАРКІЯНОВІЧ, КАРЫНА КАЛЬЦО, ПАЛОННЫЯ:
“Мяне клічуць Маркіяновіч Святлана, я з Беларусі”.
“Мяне клічуць Кальцо Карына, я з Малдовы”.

Пад рулямі аўтаматаў дзяўчаты прызнаюцца ў шпіянажы ў Сірыі на карысць ліванскай тэрарыстычнай арганізацыі “Хізбула”, чые баевікі ваююць за сірыйскага прэзідэнта Асада.

КАРЫНА КАЛЬЦО, ПАЛОННАЯ:
“Нас паслала “Хізбула”, праз камандзіра Мугамэда Язбэка, і далі фальшывыя дакументы, што мы тут як журналісты. Каб глядзець, якая сіла ў Свабоднай сірыйскай арміі, сабраць інфармацыю пра іх і даслаць гэтую інфармацыю ў “Хізбулу”.

30-гадовая Святлана Маркіяновіч звычайна жыла з бабуляй у Жодзіне, але час ад часу выязджала за мяжу на заробкі. У тым ліку ў Ліван, што мяжуе з Сірыяй. Сваякам Святлана казала, што працуе танцоркаю. Паводле бабулі, за мяжою дзяўчына ўжо трэці месяц. 32-гадовая Карына Кальцо з Малдовы – такая ж танцорка. Паводле брата, тыдзень таму яна патэлефанавала з сірыйскага нумару і сказала, што яе скралі ды ўзялі ў палон. Прыкладна тады і былі зробленыя гэтыя кадры.

АНДРЭЙ САВІНЫХ, МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ:
“Міністэрства замежных справаў высвятляе ўсе акалічнасці з’яўлення гэтага матэрыялу. Задзейнічаная нашая амбасада ў Сірыі, а таксама нашыя кантакты на лініі іншых арганізацыяў. Мы дзеем, але да высвятлення ўсіх акалічнасцяў рабіць якія-кольвек высновы заўчасна”.

Хоць гэтыя дзве танцоркі і выглядаюць на выпадкова пацярпелых, бываюць і іншыя выпадкі. Беларусы трапляюць на чужыя войны, бо там актыўна прысутнічае нашая дзяржава.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“І Лівія, і Сірыя працяглы час былі беларускімі саюзніцамі, былі розныя праекты з гэтымі краінамі, перш за ўсё праекты, звязаныя з пастаўкамі ды мадэрнізацыяй зброі. І гэта датычыла і Сірыі, і Лівіі. А таксама заўсёды туды прыбываў персанал, які абслугоўваў гэтыя збройныя сістэмы, дапамагаў, кансультаваў і г. д.”.

Гэтак мінулым летам Найвышэйшы вайсковы суд Лівіі прызнаў групу з беларусаў, украінцаў і расейцаў вінаватымі ў рамонце вайсковай тэхнікі для Муамара Кадафі падчас грамадзянскай вайны. Сёння гэты вырак быў ануляваны, справа перададзеная ў грамадзянскі суд на новы разгляд.

АНДРЭЙ САВІНЫХ, МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ:
“Гэта, вядома, яшчэ не той вынік, якога мы ўсе чакаем, які нас задаволіць – вызваленне беларускіх грамадзянаў. Але гэта сур’ёзны і важны крок у правільным кірунку. Гэта дасягненне ўзгодненай працы ўсіх трох амбасадаў – Беларусі, Расеі ды Украіны”.

У перакладзе з мовы дыпламатыі гэта можа значыць – выкупілі. Разбураная вайною Лівія для адраджэння эканомікі спрабуе аднавіць старыя сувязі з Расеяй. І старыя кантракты таксама.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“Расейскі бок мог пагадзіцца на пэўныя прэферэнцыі ў дачыненні новага лівійскага ўраду”.

Але ці будзе магчымасць у беларускіх дыпламатаў выцягнуць нашую грамадзянку з палону?

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары