ddd


Гнеў. Расчараванне. Перамога!

Прэзідэнт Егіпту Хосні Мубарак сышоў з пасады. Кіраванне краінай экс-прэзідэнт перадаў Вышэйшай вайсковай радзе. Навіну пра адстаўку дыктатара віталі тысячы дэманстрантаў на плошчы Тахрыр. Чалавека, які кіраваў краінаю 30 гадоў, егіпцяне зрынулі менш як за 3 тыдні.

Егіпцяне абяцалі вывесці сёння на вуліцы мільёны. І мільёны выйшлі – у Каіры, Александрыі ды шматлікіх іншых гарадах. І праз васямнаццаць дзён пратэсту людзі не збіраюцца паддавацца.

ЖЫХАРКА ЕГІПТУ:
“Калі ён хоча 80 мільёнаў ахвяраў, ён іх атрымае, але мы не сыдзем і не пакінем яго ў спакоі”.

Гнеў пратэстоўцаў яшчэ больш разгарэўся пасля ўчорашняга выступу Хосні Мубарака. На плошчы Тахрыр чакалі заявы пра адстаўку, але ж прэзідэнт паабяцаў не сыходзіць з пасады да канца свайго тэрміну, а віцэ-прэзідэнту Амару Сулейману перадаў толькі частку сваіх паўнамоцтваў.

ЖЫХАРКА ЕГІПТУ:
“Хосні Мубарак, ты страціў легітымнасць і не маеш права прымаць нават самыя простыя рашэнні! Што ж да Амара Сулеймана, то ён дакладная твая копія. Вы як два бакі аднаго медаля”.

Расчараванне паспеў выказаць і шэраг еўрапейскіх лідараў. Пра неабходнасць тэрміновай перадачы ўлады мірным шляхам чарговы раз заявіў Барак Оўбама.

БАРАК ОЎБАМА, ПРЭЗІДЭНТ ЗША
“Мы запэўніваем усіх егіпцянаў, што мы, амерыканцы, падтрымаем празрыстыя і мірныя змены ў Егіпце ў бок дэмакратыі”.

Падтрыманне егіпецкія пратэстоўцы знайшлі таксама сярод жыхароў іншых арабскіх краінаў. Акцыі салідарнасці прайшлі ў тым ліку у Тунісе, які перамог свайго дыктатара.

ЖЫХАРЫ ТУНІСУ:
“Прамова Мубарака нічога не зменіць, наадварот, супраціў егіпецкага народу будзе толькі ўзрастаць”.
“Мы скінулі дыктатара тут, і цяпер прыйшоў час на Мубарака, каб пасць другім”.

Пра волевыяўленне Хосні Мубарака егіпцянам паведаміў Амар Сулейман. Ён адзначыў, што гэты крок экс-прэзідэнт зрабіў пад уплывам складаных падзеяў у краіне. Яшчэ ўдзень Хосні Мубарак пакінуў Каір, ці пакіне ён Егіпет, пакуль не вядома. Але як безумоўна станоўчы крок ягоную адстаўку ўжо ацанілі еўрапейскія лідары.

АНГЕЛА МЕРКЕЛЬ, КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ:
“Прэзідэнт Мубарак сваёй адстаўкай сёння саслужыў апошнюю службу народу Егіпту. Мы чакаем ад будучага егіпецкага ўраду, што ён будзе падтрымліваць мір на Блізкім Усходзе”.

Тым часам плошча Тахрыр, што па-арабску значыць “вызваленне”, апраўдала сваю назву. І месца найвялікшага адчаю сталася цэнтрам свята, дзе тысячы скандавалі “Егіпет свабодны!”

Вольга Кляўчэня, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары