Бясплатна і падобныя да сапраўдных! Навошта вайскоўцам пластыкавыя джыпы?


Беларускія вайскоўцы атрымалі ў падарунак сем спецыяльных аўтамабіляў «Dongfeng Mengshi». У Міністэрстве абароны Беларусі 13 жніўня адбылася цырымонія дакументальнага афармлення бязвыплатнай дапамогі Міністэрства абароны КНР беларускаму вайсковаму ведамству.

{movie}Прома-ролік «Dongfeng Mengshi»|right|12045{/movie}

Маем свой «Hummer»?

Выгляд кітайскага вайсковага джыпа выклікае павагу. Фактычна гэта нязначна дапрацаваная кітайскімі канструктарамі копія легендарнага амерыканскага «Hummer’а». Здаецца, за беларускіх вайскоўцаў, што ўжо маюць 29 такіх машынаў, можна толькі пацешыцца.

Аднак вонкавы выгляд – гэта, бадай адзіны крытэр, паводле якога можна параўноўваць «Hummer» і «Усходні вецер» – гэтак перакладаецца на беларускую «Mengshi».

Падчас парадаў можна было бачыць калону гэтых машынаў. Першыя 22 «Dongfeng Mengshi» беларускія вайскоўцы атрымалі ў падарунак ад кітайскага боку ў 2012 годзе. Тады ж аўты ўпершыню ўзялі ўдзел у святочным парадзе. «Беларускаму кіраўніцтву проста няёмка адмаўляцца ад такіх падарункаў. Насамрэч мабільным сілам патрэбная іншая тэхніка», – гаворыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Кодаўб выкананы з... «высакаякаснага пластыку»! Фота http://army-news.ruКодаўб выкананы з… «высакаякаснага пластыку»! Фота http://army-news.ru«Высакаякасны пластык»

Праз некаторы час Міністэрства абароны зладзіла тэст-драіў кітайскіх джыпаў для шэрагу журналістаў з выданняў вайсковага кірунку. Рэпарцёр інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» (утворанае Міністэрствам абароны Беларусі) у сваім аглядзе не шкадаваў цёплых словаў на адрас «кітайца», аднак параўноўвае яго чамусьці не з «аднакласнікам» «Hummer’ам», а… з расейскім УАЗам.

Недзе ў сярэдзіне матэрыялу адным сказам згадваецца, што кодаўб баявога аўта зроблены з… «высакаякаснага пластыку»! Дык навошта вайскоўцам пластыкавы джып?

Для парадаў ці для генеральскіх паляванняў?

Кітайскі джып, паводле афіцыйных характарыстык, хоць і зроблены пераважна з алюмінію і пластыку, усё ж мае лепшую праходнасць, чымся «Hummer». Акрамя таго, брутальнасці ў ім паменш, а камфорту – больш.

У баявое патруляванне пластыкавы джып, у адрозненне ад «Hummer’а», не адправіш. У найлепшым выпадку можна выкарыстоўваць як невялікі грузавік для перавозу ладункаў у тыле. «Для вядзення баявых дзеянняў машына з такім браняваннем не прыдатная, – гаворыць Аляксандр Алесін. – Няма супрацьміннай абароны, яны нават не трымаюць стрэлу з аўтамата Калашнікава. А гэта – галоўныя патрабаванні для машынаў такога кшталту, прызначаных для дзеянняў у баявым дазоры ці выведцы. Тыя ж патрабаванні для баявых дзеянняў супраць тэрарыстаў і дыверсійных групаў».

Яшчэ адна праблема – запасовыя дэталі. Некаторыя (напрыклад, часткі падвесу) могуць пасаваць ад «бацькі» – «Hummer’а» (якіх у беларускім войску ніколі не было), але пра замяняльнасць з УАЗам не можа ісці і гаворкі. Таму лепш «Dongfeng Mengshi» лішні раз з гаражоў не выганяць.

Адносна сучасны дызайн пярэдняй панэлі, пнеўмападушкі пад крэсламі, CD-магнітола з выхадам USB і… падшклянкі з падлакотнікамі для пасажыраў ззаду выразна прамаўляюць пра сапраўднае прызначэнне гэтай «баявой» машыны. Грозны выгляд – для парадаў, функцыянальнасць – для пікнікоў з прысмакам мілітары.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары