Пікет супраць зняцця спадарожнікавых антэнаў – забаронены


Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі не атрымалі ад Менгарвыканкаму дазволу на вулічную акцыю на плошчы Бангалор. Гарадскія ўлады забаранілі пікет на падставе таго, што пададзеная заява «не адпавядае патрабаванням артыкулу 5 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Больш падрабязна, што не так было ў заяўцы, чыноўнікі не патлумачылі.

Менскія чыноўнікі «ідуць на рэкорд»

Калі выключыць выбарчыя кампаніі, то за апошнія гадоў дзесяць сталічныя ўлады не задаволілі ніводнай заяўкі на правядзенне вулічных акцыяў у Менску ад актывістаў АГП, пракаментаваў старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў.

«Што гэта? Гэта агульнаеўрапейскі рэкорд! Гэта тлумачыць, чаму ў Беларусі ўсталяваўся імідж «апошняй еўрапейскай дыктатуры». І гэта доказ страхаў улады. Больш за ўсё ўладная вертыкаль баіцца камунікацыі палітычна актыўных грамадзянаў з незадаволенай, але пакуль яшчэ пасіўнаю большасцю. Усе забароны палітычна матываваныя. У іх няма прававога тлумачэння», – выказаўся актывіст.

Спадар Паўлаў зазначыў, што актывісты АГП, аднак, і далей будуць узгадваць тэму спадарожнікавых талерак у камунікацыі з менчукамі.

Саўмін супраць «талерак»

Пікет, які АГП мелася правесці сёння, быў бы скіраваны супраць прынятага ў траўні палажэння Савету Міністраў аб усталяванні індывідуальных антэнаў. Дакумент забараняе самастойна размяшчаць спадарожнікавае абсталяванне як грамадзянам, гэтак і арганізацыям. Апроч таго, на ўжо ўсталяваныя антэны трэба атрымаць адмысловыя дазволы, у іншым выпадку іх трэба дэмантаваць.

Шмат хто з менчукоў атрымаў з Менгарвыканкаму лісты з патрабаваннем зняць спадарожнікавыя талеркі ды адмовіцца ад спадарожнікавага тэлебачання.

Сябры АГП лічаць, што гэткія патрабаванні могуць быць выпадам супраць тэлеканалу «Белсат», які беларусы маюць магчымасць глядзець праз спадарожнік. Патрэба шматлікіх узгадненняў і дазволаў, на думку Анатоля Лябедзькі, будзе таксама толькі спрыяць карупцыі. Некаторыя ўдзельнікі рынку спадарожнікавых талерак кажуць, што ў Менску з’явіліся фірмы, якія займаюцца легалізацыяй спадарожнікавых талерак усяго за 200–300 долараў. У гэтыя фірмы ахвотных паставіць талерку скіроўваюць самі чыноўнікі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары