Справу «Аўтарадыё» пачалі разглядаць у судзе


Разгляд пазову «Аўтарадыё» пачаўся сёння ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, але пакуль рашэнне не прынятае

Гэтае паседжанне больш нагадвала размову двух бакоў, падчас якой яны чарговы раз выказалі свае пазіцыі. На меркаванне генеральнага дырэктара «Аўтарадыё» Юрыя Базана, гэта было вельмі карысна, бо цяпер абарона радыёстанцыі будзе адбывацца больш аргументавана. «Матэрыялу вельмі шмат, таму суд прыняў рашэнне аб пераносе паседжання фактычна на два тыдні – наступнае слуханне плануецца 24 лютага», – сказаў ён.

Магчыма, да справы прыцягнуць пракуратуру.

Цікава, што да паседжання не дапусцілі журналістаў: было абвешчана, што працэс будзе закрыты, бо на ім нібыта мусяць разглядацца матэрыялы канфідэнцыйнага характару. Але, паводле Базана, нічога новага не прагучала.

Нагадаем, 12 студзеня 2011 г. «Аўтарадыё» атрымала загад РУП «БелДІЭ» Міністэрства сувязі пра спыненне дзеяння дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектру і забарону на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў. Афіцыйнаю прычынаю гэтага называлася распаўсюджванне інфармацыі, якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці.

Дырэктар «Аўтарадыё» мяркуе, што экстрэмісцкія заклікі ўлады пачулі ў выступе Андрэя Саннікава, які ў агітацыйным роліку сказаў, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы». Але гэтае ж выказванне ў свой час з’явілася і ў розных дзяржаўных медыях. «Калі за гэтую фразу ёсць папярэджанне “Аўтарадыё”, дзе ролік толькі прагучаў у эфіры, то матэрыялы, надрукаваныя ў рэспубліканскай прэсе, даступныя ў бібліятэках, на інтэрнэт-сайтах афіцыйных газетаў, – сказаў Базан. – У прынцыпе, калі гэта такая моцная і жахлівая фраза, чаму няма папярэджання гэтым выданням на тых жа падставах?»

belsat.eu

Стужка навінаў