Ахоўнікаў, якія пабіліся з пакупнікамі ў краме, звольнілі


Кампанія «Еўрагандаль», якая валодае гандлёваю сеткаю «Еўраопт», скончыла ўнутранае расследаванне ў дачыненні ахоўнікаў у гомельскай краме. Дзеянні аховы прызналі недапушчальнымі.

Як паведаміў прэс-сакратар кампаніі «Еўрагандаль» Ян Гілевіч, у выніку прагляду запісаў камераў відэаназірання, а таксама апытання сведак устанавілі, што двое пакупнікоў, маладыя мужчына і жанчына, былі ў краме ў стане алкагольнага ап’янення, нецэнзурна лаяліся і груба абражалі супрацоўнікаў крамы ды іншых пакупнікоў. У адказ на просьбу паказаць рахунак на выхадзе з касавай зоны, жанчына штурхнула і спрабавала ўдарыць аднаго з працаўнікоў аховы, чым і справакавала ўжыванне сілы.

«Тым не менш «Еўрагандаль» уважае недапушчальнымі дзеянні ахоўнікаў, якія парушылі службовую інструкцыю і нормы прафесійнай этыкі, прынятыя ў кампаніі. У сувязі з гэтым працаўнікоў аховы, якія бралі ўдзел у гэтым інцыдэнце, звольнілі», – падкрэсліў прэс-сакратар.

У міліцыі праверка па факце бойкі пакуль не завершаная. Як паведамілі у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму, па выніках правярання дадуць прававую ацэнку дзеянням ахоўнікаў і пакупнікоў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў