Юрый Базан у «Гарачым каментары»


«Гэта фраза пра тры сасны, у якіх недзе згубілася “Аўтарадыё”»

Кажа генеральны дырэктар «Аўтарадыё», каментуючы тое, што ў эфіры нібыта прагучалі экстрэмісцкія заклікі. Нагадаем, што гаворка вядзецца пра словы ў перадвыбарчым роліку Андрэя Саннікава: «Лёс краіны вырашаецца не на кухнях, а на плошчы». Юрый Базан не бачыць ніякага экстрэмізму ў гэтых словах хаця б таму, што «гэтая фраза была апублікаваная ва ўсіх дзяржаўных газетах у матэрыялах перадвыбарчай платформы кандыдата Саннікава», аднак папярэджанне атрымала толькі «Аўтарадыё».

Чаму толькі гэтую радыёстанцыю абвінавацілі ў экстрэмізме, не ведае ніхто: «Ёсць нейкія рэчы, якія нам проста не зразумець. Чаму трапілі мы і чаму праз месяц? Шчыра кажучы, гэта вельмі нас здзівіла, і да гэтае пары застаецца таямніцаю», – кажа Юрый Базан.

Дырэктар «Аўтарадыё» не хацеў бы звязваць гэтую справу з фарматам ягонай радыёстанцыі. Хаця гэта было адзінае прыватнае радыё ў Беларусі, а такой колькасці беларускамоўнай музыкі і праграмаў не было нідзе. Толькі «Аўтарадыё» змяшчала на сваіх хвалях агітацыйныя матэрыялы незалежных кандыдатаў. Гэта адзінае тлумачэнне, якое можа даць Юрый Базан.

Нягледзячы на гэта рэдакцыя «Аўтарадыё» даволі спакойна ставіцца да судовай справы. І на гэта ёсць свае прычыны: «У нашых размовах з юрыстамі мы не знайшлі дастатковых падставаў для закрыцця радыёстанцыі. Не зразумела, хто і якім чынам знайшоў у гэтай фразе нейкі экстрэмізм, а да таго ж у нас ёсць дзейснае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, згодна з якім матэрыялы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі толькі пасля рашэння суда, а такога рашэння не было і наўрад ці з’явіцца», – упэўнены Юрый Базан.

Нагадаем, што сёння на судовае паседжанне не дапусцілі журналістаў, бо нібыта мелася быць агучаная нейкая канфідэнцыйная інфармацыя. Аднак, паводле Юрыя Базана, у судзе не было гутаркі па сутнасці справы, а было паседжанне аб працэсуальных пытаннях, бо суд вырашыў, што ў працэсе возьме ўдзел пракуратура: на яе ссылалася Міністэрства інфармацыі, распачынаючы справу.

Belsat.eu

Стужка навінаў