Пра выдаткі беларускіх наркаманаў – у новым серыяле без цэнзуры


Аўтар серыі скандальных відэа «Хронікі заводу» Руслан Мірзоеў, які паказаў грамадскасці, у якіх умовах працуюць рабочыя на Менскім аўтазаводзе, пачаў здымаць новы серыял: «Хронікі раёну».

Папярэдні праект маладзёна, «Хронікі заводу», пра жыццё МАЗу без прыхарошванняў, выклікаў сапраўдны рэзананс у інтэрнэце. Шакавальныя кадры спадар Мірзоеў зняў і выклаў у інтэрнэт летась, але служба бяспекі заводу дамаглася, каб відэа выдалілі з сеціва. Сёлета аўтар відэаролікаў ізноў іх выставіў. Сітуацыя ж з выдаленнем ізноў паўтарылася.

Вялікая папулярнасць «Хронікаў заводу» натхніла мужчыну зняць серыял «Хронікі раёну» – пра жыццё спальных кварталаў Менску. Прычым аўтар задумаў паказаць самыя пажыўныя месцы, а ў якасці сваіх герояў задзеяць мясцовых алкаголікаў, наркаманаў, прастытутак, мясцовую шпану, гопнікаў і г. д. Відэа шчодра насычанае лаянкай ды матам.

Прапануем некалькі відэафрагментаў з першай серыі «Хронік раёну».{movie}Фрагмент 1-ай серыі “Хронік раёну” Руслана Мірзоева|right|12000{/movie}

З дапамогаю кампаніі OfficeArt.by маладзён ужо зняў дзве серыі, якія прысвяціў Курасоўшчыне. У адной з іх цікавымі падрабязнасцямі дзеляцца мясцовыя наркаманы. Між іншага, яны прызнаюцца, што выдаткоўваюць у дзень на наркотыкі калі 1 млн рублёў, то бок у стане за 5 дзён спусціць на наркотыкі 5 мільёнаў рублёў, сярэдні заробак іхных знаёмых. Распавядаюць наркаманы і пра тое, што ўсё цяжэй у Беларусі становіцца набыць дурманныя рэчывы, да прыкладу, метадон, а прыходзіцца варыць «зелле», задавальняючыся «бубкамі», насенным макам.

Першая серыя «Хронік раёну» за некалькі дзён набрала на youtube.com каля 30 тыс. праглядаў, шмат хто з гледачоў дзякуе аўтару за ідэю.

«Дзякуй, Руслан! Робіш добрую, патрэбную справу – адкрываеш вочы людзям на тое, што адбываецца ў «дзяржаве для народу» і тым самым выкрываеш хлусню афіцыйнай прапаганды! Калі большасць будзе ведаць ПРАЎДУ, убачыць і ўсвядоміць, што гэтак далей жыць нельга, што патрэбныя перамены, што краіна дэградуе, вымірае, співаецца, што трэба людзям добрай волі аб’яднацца і абараніць Радзіму, толькі тады адбудзецца пералом у свядомасці, і краіна вернецца на цывілізаваны шлях развіцця!» – напісаў адзін з каментатараў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў