Наступствы малочнага скандалу


Дырэктара малочнага камбінату спачатку звольнілі, а пасля выступу Лукашэнкі аднавілі і далі падзяку.

Дырэктара Пружанскага малочнага камбінату Уладзіміра Мікіціча звольнілі 25 студзеня. Адбылося гэта ў выніку ягонага нежадання аб’ядноўваць камбінат з французска-расейскім прадпрыемствам “Юнімілк-Пружаны”, чаго жадаў райвыканкам.

Да прыходу замежнага інвестара ўсю мясцовую сыравіну забіраў сабе малочны камбінат. Калі ж побач паўстала супольнае прадпрыемства, малака пачало не ставаць. 3 лютага Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў інвестара, французска-расейскую кампанію “Данон-Юнімілк”, за нежаданне асвойваць новыя віды прадукцыі ды выказаў рэкамендацыю – вярнуць на пасаду дырэктара малочнага камбінату.

У выніку дырэктара аднавілі на пасадзе і нават далі афіцыйную падзяку ад імя кіраўніцтва раёну – за высокую якасць працы. Бізнес-аналітык Вадзім Селіханаў упэўнены, што гэта не апошнія наступствы малочнага скандалу. “Аляксандр Лукашэнка заявіў, што варта замяніць і старшыню Пружанскага райвыканкаму Аляксандра Юркевіча. Малочную галіну прэзідэнт назваў стратэгічнаю. Супраца з інвестарам пайшла не так, як ён планаваў, таму відавочна, што вінаватых шукаць будуць сур’ёзна”, – адзначыў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў