За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі Мікола Статкевіч адбыў больш за трыццаць адміністратыўных арыштаў. На яго двойчы – перад выбарамі 2001 і 2006 гадоў – заводзілі крымінальныя справы. Прысуд, які ўлады вынеслі Статкевічу ў 2011-м, быў адным з самых жорсткіх.
На выбарах 2010 года звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем «вярнуць скрадзенае». Мікалай Статкевіч заявіў, што будзе размаўляць з дзейным кіраўніком краіны ў ягоным стылі.
Пасля выбараў – чарговы турэмны тэрмін: шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ціск за кратамі
Статкевіча рэгулярна кідаюць у карцар, саджаюць у адну камеру з хворым на СНІД, абмяжоўваюць у кантактах і сустрэчах са сваякамі.
Гэтак, аднойчы палітвязня пасадзілі ў ізалятар на пяць сутак праз тое, што пры ператрусе ў яго знайшлі дзве насоўкі, пазначаныя вязнем як «гігіенічныя прылады», – гэта расцанілі як грубае парушэнне. Пасля гэтага Статкевіча абмежавалі ў штомесячных набытках сумаю BR 100 тыс.
Аднак экс-кандыдат усцяж заяўляе пра сваю невінаватасць і не падпісвае прашэння аб памілаванні.
Палітык адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012 года ўмовы адбывання пакарання для яго сталі больш жорсткімі – вязня перавялі ў Магілёўскую турму № 4. Адміністрацыя Шклоўскай калоніі палічыла, што Статкевіч «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання наважаны «весці злачынны лад жыцця».
Дарога да свабоды
У фільматэцы «Белсату» – фільм-партрэт аўтарства Андрэя Кісяля і Вячаслава Ракіцкага «Дарога Статкевіча».
Гэтая дарога пакуль што ўпіраецца ў муры Шклоўскай турмы…Але «дарога Статкевіча – гэта не толькі дарога ў турму, а дарога да свабоды», кажа ў фільме ягоная дачка Кацярына.
МЛ, belsat.eu