Чыноўнікаў прымусяць адказваць па-беларуску?


Распрацаваны законапраект “Аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў”.

У законапраекце замацаваная моўная норма. Цяпер чыноўнікі абавязаныя пісьмова даваць адказ на той мове, якую грамадзянін абірае пры звароце.

Яшчэ адна цікавая навіна: размову з чыноўнікам можна будзе запісваць на дыктафон ці відэакамеру. Пра тое, што запіс будзе праводзіцца, суразмоўцу трэба папярэдзіць загадзя. Толькі ў такім выпадку яго можна будзе выкарыстоўваць пры разборы скаргі.

Чыноўнікі таксама маюць права запісваць размову. Паводле старшыні ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства юстыцыі Уладзіміра Панькова, скаргі ад грамадзянаў часта бываюць надуманыя. Ён кажа, што ёсць катэгорыя людзей, якія хочуць скінуць адказнасць за свае праблемы на чыноўнікаў, нават калі тыя не ў кампетэнцыі дзяржаўных службоўцаў. “Сістэма запісу размоваў добраахвотная, але разам з тым абароніць і чыноўнікаў, і грамадзянаў”, – паведаміў Уладзімір Панькоў.

Апроч таго, атрымаць адказ ад працаўнікоў дзяржаўных службаў можна будзе па электроннай пошце. Час, цягам якога адказ мусяць падрыхтаваць, замацуюць заканадаўча. Да канца першага паўгоддзя электронная сістэма “пытанне-адказ” мусіць запрацаваць на ўсіх парталах дзяржаўных органаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары