Кошты паслугаў ЖКГ могуць павысіцца ўдвая


Дзяржаўныя органы дагэтуль не могуць дамовіцца, колькі ж беларусы плоцяць за камуналку. Паводле міністэрства фінансаў, у 2012 годзе насельніцтва пакрывала 22 % сабекошту жыллёва-камунальных паслугаў. Міністэрства ЖКГ ж дае меншую лічбу – у раёне 16 %. Цяпер эканамічныя ведамствы патрабуюць ад ураду давесці гэтую велічыню да 30 % у наступным годзе, а ў 2015-м – нават да 60 %.

{movie}Камуналка падаражае|right|11982{/movie}

Паводле крыніцаў БелаПАНу, з наступнага года ўрад мае намер істотна падвысіць кошты на паслугі жыллёва-камунальнае гаспадаркі.

Міхал Залескі напрыканцы 90-х гадоў працаваў у Міністэрстве эканомікі якраз над праблемаю павелічэння долі аплаты насельніцтва паслугаў ЖКГ. Паводле яго, тады грамадзяне плацілі каля 30 %, і прыкладна гэткую ж долю аплочваюць і цяпер. Яе ж павелічэнне прывядзе да таго, што квартплата станецца непадымнаю для большасці беларусаў.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
«Для таго, каб сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі з сённяшняга дня запрацавала эфектыўна, трохпакаёвая кватэра мусіць каштаваць $ 200 за месяц чалавеку».

Натуральна, што гэткія кошты спажыўцоў камунальных паслугаў не задавальняюць.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Нашыя заробкі не паспяваюць за цэнамі на падвышэнне ЖКГ і ўсе астатнія паслугі. На сённяшні дзень гэта нерэальна проста».
«З аднаго боку – трэба падвышаць. А з другога – хай заробкі падвысяць».
«Усё залежыць ад заробку. Калі заробак будзе расці, то, у прынцыпе, можна мірыцца. А калі заробак стаіць, то…»/

Але кошты камуналкі будуць расці незалежна ад росту заробкаў. Хоць, паводле экспертаў, ва ўраду ёсць магчымасць, каб нават знізіць цэны.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:
«Пры ўваходжанні ў Мытны саюз аб’ектыўна газ стаў танней. Значыць, усё ЖКГ – танней. Можна было знізіць ЖКГ на 30–40 %».

Але ўрад гэтага чамусьці не робіць. Як і не праводзіць рэформы сістэмы ЖКГ. Вынікам якой магло б стаць развіццё канкурэнцыі ў галіне. А яна, як вядома, спрыяе зніжэнню коштаў.

Аляксей Мінчонак, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў