Чым прываблівае кліентаў эратычная цырульня ў Вільні?


Да якіх толькі «ноў-хаў» ні дойдуць прадпрымальныя людзі з тым, каб ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу і надзвычай высокай канкурэнцыі ўва ўсіх сферах бізнесу прывабіць кліентаў ды атрымаць свае «залатыя». У суседняй з Беларуссю Вільні, напрыклад, адкрылі незвычайную цырульню. А, дакладней, «эратычны салон прыгажосці».



Незвычайнасць гэтай цырульні, якая месціцца ў гістарычным цэнтры літоўскай сталіцы, зусім непадалёк чыгуначнага вакзалу, адчуваеш адразу, ужо з ейнай назвы – «Men’s dream» – «Мужчынская мара». Ды вось з гэтай налепкі на дзвярах, згодна з якой, уваход у гэтую «мару» асобам узростам да 18 гадоў строга забаронены. Прычыну забароны разумееш у першую ж секунду. Проста ўбачыўшы майстра-цырульніка. Не, тут, відавочна, прапаноўваюць не толькі падстрыгчыся ці падкараціць вусы або бараду. Гэты сэрвіс крыху пашыраны.

{movie}Эратычная цырульня ў Вільні |right|11981{/movie}

КШЫШТАФ РАДЗЮШ, ДЫРЭКТАР САЛОНУ «MEN’S DREAM»:

«Мы гэта называем двайною прыгажосцю – атрымаць сваю фрызуру, стрыжку прыгожую, якую зробіць наш майстар-цырульнік і які … ну, крыху ў іншым выглядзе. І які больш прыгожа і больш адкрыта будзе гэта ўсё рабіць».

Варта адзначыць, што адкрытасць працэсу стрыжкі – даволі прыемная, трэба прызнацца, адкрытасць, хоць і не выключае пэўных эмоцыяў з боку кліента, але, як сцвярджае дырэктар «Men’s dream», не мае і не можа мець далейшых наступстваў.

КШЫШТАФ РАДЗЮШ, ДЫРЭКТАР САЛОНУ «MEN’S DREAM»:

«Ніякага рукапрыкладства ў нас не можа быць. Спадзяемся на культурных людзей і джэнтльменаў, якія паважаюць наш персанал і разумеюць, што гэта – толькі эротыка. А не нейкія там іншыя паслугі ці нешта такое, што пераходзіць усе межы».

А як ставяцца да гэткай голай цырульнай праўды жыхары і госці Вільні? Спектр іхных думак даволі шырокі, але ў асноўным «фіфці-фіфці» – «50 на 50»:

ЖЫХАРЫ І ГОСЦІ ВІЛЬНІ:

«Дэманстраваць сваё цела ў цырульні? Не, гэта занадта вульгарна!»

«Класная бізнес-ідэя. Калі яна падабаецца наведнікам і цырульнікам, то чаму б і не?»

«Гэта ўсё цікава для моладзі. А пажылым – не. Я сваё, як гаворыцца, ужо прайшла».

«Можа, і спадабаецца камусьці, асабліва мужчынам за 50. Калі яны з глузду з’язджаюць».

Дарэчы, крыху «з’ехаць з глузду» ў гэтай віленскай цырульні могуць не толькі мужчыны, але і жанчыны. Іх тут чакае эратычна апрануты, як ён лічыць, майстар-мужчына. Калі бізнес пойдзе шпарка, у «Men’s dream» не выключаюць, што ў суседнім з цырульняй памяшканні неўзабаве адкрыецца і салон эратычнага масажу. Show must go on!

І хоць каштуе тут звычайная мужчынская фрызура мінімум Br 200 тыс. на нашыя грошы, сюды хочацца вяртацца зноў і зноў. Бо як прыемна ўбачыць сапраўдны прафесіяналізм на ўласныя вочы.

Наста Яўмен, Алесь Сіліч, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў