Паляшучка трымала на ланцугу маці-пенсіянерку


Жыхарка Іванаўскага раёну хацела гэтак адвучыць маці злоўжываць алкаголем.

Як паведамілі ў Следчым камітэце, жанчына падазраецца ў тым, што ў адзін з ліпеньскіх дзён гвалтам прывязала на ланцуг сваю 61-гадовую маці на падворку свайго дому. З аднаго боку замацавала ланцуг на шыі пацярпелай, з другога боку – на нерухомай апоры.

Паводле дачкі, гэткім чынам яна хацела паўплываць на маці, бо тая злоўжывае спіртнымі напоямі.

«З заяваю ў праваахоўныя органы звярнулася не пацярпелая, а грамадзяне, якіх пенсіянерка папрасіла дапамагчы пазбавіцца ад ланцуга», – распавяла прадстаўніца Следчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова.

Цяпер у дачыненні 28-гадовай дачкі распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 183 КК (незаконнае пазбаўленне волі).

Паводле афіцыйнага прадстаўніка СК, следства ўсталёўвае, колькі часу пацярпелая была на ланцугу, прызначылі экспертызы, агледзелі месца здарэння, сканфіскавалі рэчавыя доказы, якія далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў