Спартклуб ці бардэль? Жыхароў Зялёнага Лугу бянтэжыць прызначэнне аб’екту


Саўна і месца для адпачынку з купальняю ў новазбудаваным спартыўным клубе зоймуць ключавое месца.

Ужо прыблізна паўгода цягнецца змаганне жыхароў менскага раёну Зялёны Луг супраць будаўніцтва ў бары ля кальцавой спартовага клубу. Тутэйшыя жыхары кажуць, што ўлады не правялі належнага грамадскага абмеркавання будоўлі, не ўлічылі іхных пажаданняў. Два тыдні таму тэрыторыю будоўлі абгарадзілі плотам і там пачаліся працы.

Актывіст, які змагаецца супраць ушчыльненняў забудовы ў Менску, Віктар Янчурэвіч распавёў, што адзіная аб’ява аб грамадскіх слуханнях была размешчаная ў газеце “Звязда”: “Я падаваў скаргу ў пракуратуру і ў адміністрацыю раёну, што парушаны парадак правядзення грамадскіх слуханняў. Атрымаў адпіскі, што абвестку давалі ў газету “Звязда” і на гэтым – усё…”. Паводле яго, абвестка аб правядзенні грамадскіх слуханняў мусіла з’явіцца і ў іншых выданнях, а таксама на сайце адміністрацыі.

Віктар Янчурэвіч тлумачыць, што закрытасць будоўлі занепакоіла людзей. Паводле праекту ў бары каля кальцавой дарогі мусіць паўстаць спартовы клуб. Але спадар Янчурэвіч кажа, што тут ёсць свае нюансы: “Людзі сумняюцца, што назва аб’екту будзе адпавядаць яго напаўненню. Фактычна, там для заняткаў спортам прадугледжаныя 2 залы. А асноўныя месцы зоймуць саўна і пры саўне – памяшканне для адпачынку з купальняю… Хутчэй за ўсё гэта будзе нейкі закрыты клуб, наведваць які наўрад ці змогуць дазволіць сабе тутэйшыя жыхары”.

Паводле нашага суразмоўцы, калі б гэта сапраўды быў спартовы аб’ект для тутэйшых жыхароў, ніхто б не пратэставаў: “А гэтак незразумела што – бардэль ці казіно потым на гэтым месцы будзе”.

Спадар Янчурэвіч кажа, што будаўніцтва можа паўплываць і на экалогію ў раёне, бо зялёная паласа адгароджвае інтэнсіўную кальцавую дарогу ад жылых дымоў. А праз будоўлю, зазначае Віктар Янчурэвіч, у лесе атрымліваецца “прастрэл”, праз які могуць ісці выкіды аўтамабіляў да жылога раёну.

Жыхары Зялёнага Лугу плануюць дабівацца, каб улады ўлічылі іхняе меркаванне ў часе будоўлі ў лесапаласе. Актывісты рыхтуюць пазоў у суд.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў