У Віцебску грамадзяне даказалі, што ў адзінстве сіла


Жыхары аднаго з двароў у новым мікрараёне Віцебску стаміліся чакаць ад уладаў, пакуль з’явяцца грошы на абсталяванне двара, а, аб’яднаўшыся, самастойна ўзяліся за развязанне праблемы.

Як распавёў грамадскі актывіст Аляксандр Ільінец, у Віцебску на скрыжаванні вуліцаў Чкалава i Інтэрнацыяналістаў пабудаваныя 7 10-павярховых дамоў з агульнаю колькасцю кватэраў – 750.

«Гэта новы мікрараён гораду, таму тут жывуць у асноўным маладыя сем’і з малымі дзеткамі. А дзе гуляць? Выходзіш у двор, а там няма чым заняцца, бо на вялікай дваровай пляцоўцы іх чакаюць толькі стаптаная трава: ні пясочніцы, ні дзіцячай пляцоўкі, ні лаўкі. Трэба ісці ў суседні двор праз дарогу, бо толькі там ёсць новая дзіцячая пляцоўка», – падзяліўся лакальнаю праблемаю Аляксандр Ільінец.

Грамадскі актывіст яшчэ ў 2010 годзе сабраў 820 подпісаў ад жыхароў дамоў і звяртаўся ў камунальныя службы, гарвыканкам, аблвыканкам з просьбаю жыхароў навесці парадак і пабудаваць дзіцячую пляцоўку ў двары. Адказ быў адзіны: грошай няма і бліжэйшым часам не будзе.

«Сёлета ў траўні кіраўнік ЖЭУ паведаміў мне, што ёсць пляцоўка, якая была ва ўжытку, але яе неабходна адрамантаваць. І калі яна нам трэба, то мусім самастойна шукаць грошы», – дадаў актывіст.

4 жніўня адбыўся першы сход жыхароў двара, на які прыйшлі 30 чалавек. У актыў ініцыятывы запісаліся больш за 20 неабыякавых віцяблянаў. Як распавёў спадар Ільінец, на сходзе ўдзельнікі пастанавілі, што ўжо ў бліжэйшыя выходныя яны падрыхтуюць месца для ўсталявання дзіцячай пляцоўкі. Дазвол у кіраўніка ЖЭУ атрымалі. Цягам тыдня мусяць прывезці дзіцячую пляцоўку, якую сваймі сіламі адрамантуюць жыхары дамоў.

«Я вельмі ўсцешаны, што людзі не абыякавыя, а мабілізаваліся для супольных дзеянняў – зрабіць лепш. Яны ўжо не чакаюць міласці ад уладаў, ці чарговых абяцанак, а разумеюць, што варта быць ініцыятыўнымі, аб’ядноўвацца і самым дамагацца зменаў вакол сябе. Упэўнены, што пасля паспяховага выніку людзі з суседніх двароў будуць звяртацца да нас па кансультацыі», – распавёў грамадскі актывіст.

Кампанія ў пабудове дзіцячай пляцоўкі ў адным з двароў Віцебску ладзіцца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі «Зробім лепш–2013!», якую ініцыявала Асамблея НДА. Кампанія мае перадусім на мэце супольнае развязанне лакальных праблемаў, якія хвалююць звычайных беларусаў, і скіраваная на паляпшэнне іміджу трэцяга сектару ў грамадстве.

МЯ, belsat.eu, паводле прэс-службы Асамблеі НДА

Стужка навінаў