Пракуратура мае прэтэнзіі да БРСМ


Арганізацыя не хоча працаваць з “праблемнымі падлеткамі”, хоць атрымлівае на гэта грошы.
 
Пракуратура Менску знайшла парушэнне заканадаўства ў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Арганізацыя ёсць афіцыйным сувыканальнікам амаль усіх дзяржаўных праграмаў па прафілактыцы злачыннасці сярод моладзі. На гэта яна атрымлівае дзяржаўнае фінансаванне.

“ГА БРСМ мусіла замацаваць выхавацеляў за праблемнымі падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў міліцыі. На сёння па Менску гэта 2123 чалавекі. Ніякая праца з боку БРСМ з імі не праводзілася. Апроч таго, на культурныя і забаўляльныя імпрэзы арганізацыя не запрашае да ўдзелу падлеткаў з сацыяльна небяспечных сем’яў”, – адзначаюць у прэсавай службе пракуратуры Менску.

На афіцыйным сайце БРСМ сапраўды няма інфармацыі пра акцыі ці працу, якая праводзіцца з праблемнымі падлеткамі. Прэсавы сакратар арганізацыі Наталля Рублеўская паведаміла: “А чаму мы павінны дзяліць моладзь на праблемную і непраблемную? І праводзіць нейкую спецыяльную працу? Нашыя акцыі павінны быць цікавыя ўсім. А тое, што маладыя людзі, якая стаяць на ўліку, не цікавяцца, напрыклад, працоўнымі атрадамі ці валанцёрскім рухам, – гэта найперш іхныя асабістыя праблемы”.

Дарэчы, паводле апошніх звестак, у Менску зарэгістравана 5129 злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія. Прычым кожнае трэцяе з іх – у стане алкагольнага ап’янення.

belsat.eu

Стужка навінаў