«Суботнік» у Курапатах будуць праводзіць штодня


Актывісты ўзяліся за тэрыторыю побач з забаўляльным комплексам, які першапачаткова называўся «Бульбашъ-холл».

З 15 да 22 жніўня прыхільнікі ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» штодзённа будуць добраўпарадкаваць мемарыял, прысвечаны ахвярам сталінізму. З 25 траўня яны робяць гэта кожны аўторак з 17:00 да 20:00. Прыходзіць па 10–15 асобаў. Штосуботу ва ўрочышчы прыбіраюцца сябры Партыі КХП-БНФ.

«Мы абралі для пачатку талакі гэты бок мемарыялу, прылеглы да забаўляльнага комплексу (першапачатковая назва – «Бульбаш-хол»), каб паказаць людзям, якія пабудавалі яго, што грамадскасці не ўсё роўна, што мы маем намер стварыць ва ўрочышчы годны мемарыяльны комплекс», – патлумачыла каардынатарка ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» Ганна Шапуцька.

Штодзённы этап прысвечаны Еўрапейскаму дню памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, які адзначаецца 23 жніўня.

Ганна Шапуцька дадала, што дзяржава амаль не бярэ ўдзелу ў добраўпарадкаванні. Лясніцтва атрымлівае на гэта мінімальныя грошы і проста не можа падтрымліваць мемарыял у належным стане.

Не звяртаюць улады ўвагі і на вандалаў, якія рэгулярна ламаюць крыжы. Толькі цягам лета такое здарылася ўжо двойчы: 3 ліпеня і 4 жніўня.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары